«Леакадзiя-Лiдзiя Шышэя з Кавальчукоў (1.06.1928 — 18.01.2023). Удзельніца беларускага паваеннага супраціву, сябра падпольнай слонімскай арганізацыі „Чайкa“. Адным беларускiм анёлам стала больш», — напісала пра сьмерць Леакадзіі Шышэі Людвіка Кардзіс, якая ўзначальвае Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча.
Нарадзілася 1 чэрвеня 1928 году ў вёсцы Церахоўшчына на Наваградчыне, у Другую сусьветную вайну падчас нямецкай акупацыі вучылася ў Слонімскай прагімназіі, належала да Саюзу беларускай моладзі (СБМ). З 1944 году працягвала вучобу ў Слонімскай СШ № 1.
У 1946 годзе далучылася да падпольнай беларускай арганізацыі «Чайка», якая плянавала змаганьне за нацыянальныя правы беларусаў, нацыянальныя каштоўнасьці і незалежнасьць Беларусі. Удзельнічала ў першых сходах арганізацыі. У сярэдзіне 1947 году арганізацыю выкрылі савецкія ўлады дзякуючы свайму агенту-правакатару.
У чэрвені 1947 Шышэю з паплечнікамі арыштавалі за «ўдзел у антысавецкай арганізацыі», утрымлівалі ў баранавіцкай турме, а затым прысудзілі да 8,5 года лягеру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Надзея Дземідовіч: Кенгірскае паўстаньне патапілі ў крывіУ 1954 годзе выйшла з савецкага лягеру і разам са сваім мужам Кастусём Шышэем паехала спачатку ў Слонім, а адтуль — у Вільню, дзе і засталася жыць. Кастусь Шышэя таксама быў дзеячам падпольнага беларускага руху, уваходзіў у Беларускую краёвую абарону (БКА). Ён памёр 11 студзеня 2004 году, пахаваны на Сьвята-Эўфрасіньнеўскіх могілках у Вільні. Кастуся і Леакадзію пазнаёміла ў савецкім лягеры паэтка Ларыса Геніюш.
Дзяячку беларускага падпольля ўзнагарозілі мэдалём да 100-годзьдзя БНР.
Леакадзія Шышэя — адна з гераіняў дакумэнтальнага фільма «Людвіка», які апавядае пра беларусаў Віленшчыны. Яшчэ ў адным дакумэнтальным фільме Шышэя расказвала пра падпольнае змаганьне беларусаў.
Разьвітацца зь Леакадзіяй Шышэяй можна 20 студзеня ад 10:00 у капліцы сьв. Ціхана, што на Эўфрасіньеўскіх могілках Вільні, вуліца Liepkalnio g.13. Разьвітальная паніхіда а 12:00. Пахаваюць спадарыню Леакадзію побач з мужам, на гэтых жа могілках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вяртаньне нацыяналіста». 70 год таму Янка Філістовіч дэсантаваўся ў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куды пайсьці на Дзяды за мяжой. Пахаваньні вядомых беларусаў у Літве, Польшчы, Латвіі, Украіне, Грузіі