Вугоршчына зноў хоча, каб са сьпісу асоб, якім забаранілі выдаваць візы і ў якіх замарозілі актывы, выдалілі Алішэра Усманава, Пятра Авена і Віктара Рашнікава, заявілі 17 студзеня некалькі дыпляматычных крыніц, якія не ўпаўнаважаныя гаварыць афіцыйна, піша карэспандэнт Свабоды Рыкард Юзьвяк.
Вугоршчына спрабавала вывесьці гэтую тройку з-пад санкцый яшчэ тады, калі абмежавальныя захады блёку плянавалася зьняць у верасьні, але хутка адступіла пасьля палітычнага ціску.
Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан даўно крытычна ацэньвае пазыцыю ЭЗ у дачыненьні Масквы падчас канфлікту, заяўляючы, што санкцыі нанесьлі шкоду блёку, не аслабіўшы Расею і не дапамагаючы Ўкраіне.
Санкцыйны сьпіс павінен атрымаць аднагалосную ўхвалу, каб яго можна было працягнуць, паколькі набліжаецца 15 сакавіка — новы тэрмін абнаўленьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына наклала вэта ў ЭЗ на пакет дапамогі ЎкраінеВугоршчына таксама імкнецца выдаліць з санкцыйнага сьпісу сястру Ўсманава Гульбахор Ісмаілаву; дзелавога партнэра Авена Міхаіла Фрыдмана; беларуска-расейскага алігарха Дзьмітрыя Мазепіна; ягонага сына Мікіту Мазепіна; расейскіх алігархаў Рыгора Бярозкіна і Вячаслава Машэ Кантара.
Афіцыйны часопіс ЭЗ называе Ўсманава «пракрамлёўскім алігархам з асабліва шчыльнымі сувязямі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным». Яго называюць адным з «улюбёных алігархаў Пуціна» і разглядаюць як пасярэдніка ў справах прэзыдэнта. Санкцыі ўжо прывялі да канфіскацыі самай вялікай у сьвеце яхты коштам 600 мільёнаў даляраў, зьвязанай з Усманавым, які беспасьпяхова аспрэчваў гэтыя меры ў Эўрапейскім судзе. Ягоная сястра трапіла пад санкцыі пасьля таго, як расьсьледаваньне паказала, што Ўсманаў ускосна перадаў ёй свае актывы.
Эўразьвяз заяўляе, што Авен «зьяўляецца адным з прыкладна 50 заможных расейскіх бізнэсоўцаў, якія рэгулярна сустракаюцца з Пуціным у Крамлі. Ён ня дзейнічае незалежна ад патрабаваньняў прэзыдэнта».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя санкцыі супраць Беларусі і Расеі Эўразьвяз можа прыняць у лютымРашнікава дадалі ў сьпіс у сакавіку, і Брусэль апісаў яго як «вядучага алігарха Расеі, які зьяўляецца ўладальнікам і старшынёй рады дырэктараў кампаніі „Магнітагорскі мэталюргічны камбінат“ (ММК). ММК зьяўляецца адным з найбуйнейшых у Расеі падаткаплатнікаў».
Мазепін — уладальнік і генэральны дырэктар кампаніі па вытворчасьці мінэральных угнаеньняў «Уралхім», паводле ЭЗ, зьяўляецца «сябрам найбліжэйшага атачэньня Пуціна» і «адным зь вядучых бізнэсоўцаў, якія займаюцца эканамічнымі сэктарамі, якія забясьпечваюць значную крыніцу даходаў для ўраду Расеі». Мазепін паходзіць зь Менску. Ягоны сын Мікіта, які быў членам каманды Формулы-1 Haas, унесены ў сьпіс за шчыльную сувязь з бацькам.
Кантар, які трапіў пад санкцыі ў красавіку, узначальвае групу «Акрон» — аднаго з найбуйнейшых у Расеі вытворцаў угнаеньняў. Паводле Брусэлю, Кантар «неаднаразова адкрыта заяўляў аб сваёй падтрымцы і сяброўстве з прэзыдэнтам Пуціным і мае добрыя адносіны з Крамлём».
Адначасова з гэтым Бярозкіна назвалі «вядучым расейскім бізнэсоўцам, які лічыцца „паплечнікам“ прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Вялікай Брытаніі: 10 расейскіх алігархаў, якія скарысталіся «залатымі візамі», падпалі пад санкцыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі мільярдэр перапісаў на дзяцей $4 мільярды напярэдадні ўварваньня РФ ва Ўкраіну