За чатыры дні відэа паглядзелі амаль 800 000 карыстальнікаў сеткі TikTok і каля 200 000 у Instagram. Ролік таксама набраў сотні тысячаў праглядаў у расейскіх тэлеграм-пабліках.
Стваральнікі відэа — беларуская каманда «ЧынЧынЧэнэл», аўтары вядомай «Шчучыншчыны» і іншых папулярных відэа. Тэма роліка — маніпуляцыйныя прыёмы мантажу, якія выкарыстоўвае прапаганда і дзяржаўнае тэлебачаньне.
«Як рэжысэр я проста трохі перабольшыў абсурд, які ліецца з афіцыйных ТБ каналаў. Калі я назіраў за тым, што глядзяць мае старэйшыя сваякі, я бачыў менавіта такі мантаж», — кажа Андрэй Кашперскі, рэжысэр і прадусар «ЧынЧынЧэнэл». Аўтар ідэі — актор і ўдзельнік «ЧынЧынЧэнэл» Міхаіл Зуй.
Галоўныя героі «ЧынЧынЧэнэл», Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч, — гэта створаныя акторамі Купалаўскага тэатру вобразы чыноўнікаў, якія заснавалі свой БелДзяржЮтубКанал. Там, на YouTube, ЧынЧыны трансьлююць сваё бачаньне падзей і выходзяць на сувязь з законапаслухмянымі грамадзянамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта частка барацьбы супраць бессэнсоўнай вайны», — аўтары «ЧынЧынЧэнэл» пра сатыру як тэрапію