Дзеяньне ўказа Ўладзіміра Пуціна аб «частковай мабілізацыі» ў Расеі працягваецца, пра гэта гаворыцца ў адказе з адміністрацыі прэзыдэнта РФ па працы са зваротамі грамадзян на запыт дэпутата пскоўскага абласнога сходу Артура Гайдука, піша Deutsche Welle.
У дакумэнце таксама ўказана, што ў канцы кастрычніка мінулага году былі завершаныя «апавяшчэньне і прызыў грамадзян, якія знаходзяцца ў запасе». Вайсковыя камісарыяты па-ранейшаму працягваюць набіраць у войска кантрактнікаў і добраахвотнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка даў пасаду экс-чыноўніку Мінабароны Беларусі, якога сваякі з Украіны прасілі не ваяваць супраць радзімыУ лістападзе мінулага году Гайдук зьвярнуўся да Пуціна з прапановай выдаць указ аб завяршэньні мабілізацыі. Аналягічныя звароты прэзыдэнту накіравалі дэпутаты ад «Яблока» з розных рэгіёнаў Расеі. Адказы атрымалі толькі некалькі чалавек. Дэпутату Заканадаўчага сходу Карэліі Эміліі Слабуновай адказалі, што Пуцін ня будзе падпісваць указ аб завяршэньні мабілізацыі, бо для гэтага адсутнічаюць «прававыя падставы». У адказе дэпутату з Комі Віктару Варабʼёву было сказана, што «мабілізацыйныя мерапрыемствы» завершаныя, а ваенкаматы набіраюць толькі добраахвотнікаў.
Тым часам міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу абвясьціў пра маштабную рэформу ўзброеных сіл з мэтай выканаць указаньне Ўладзіміра Пуціна аб павелічэньні колькасьці войска з 1,15 млн да 1,5 млн чалавек.
Паводле слоў міністра, вырашана стварыць два новыя міжвідавыя стратэгічныя тэрытарыяльныя абʼяднаньні ўзброеных сіл — Маскоўскую і Ленінградзкую вайсковыя акругі. Прадугледжана і фармаваньне «самадастатковых груповак войскаў» на анэксаваных тэрыторыях Украіны.
- Мабілізацыя ў Расеі пачалася 21 верасьня. 28 кастрычніка міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу далажыў прэзыдэнту Пуціну, што мабілізацыя скончана, таму што задача па прызыве 300 тысяч чалавек была выканана. Пры гэтым указ аб заканчэньні мабілізацыі Пуцін не падпісваў, бо «параіўся з юрыстамі» і «такі дакумэнт не патрэбны». Праваабаронцы адзначалі, што адсутнасьць апублікаванага ўказу аб заканчэньні мабілізацыі дае Мінабароны права зноў пачаць прызыў.
- У студзені брытанская газэта The Times са спасылкай на крыніцы ў заходняй выведцы пісала, што ў Расеі можа быць абвешчана другая хваля мабілізацыі, пад якую могуць прызваць да паўмільёна чалавек. Пра тое самае заявілі ў вайсковай выведцы Ўкраіны.