Па вэрсіі абвінавачаньня, 16 жніўня 2022 году Аляксандар Труш у кампаніі іншых людзей падчас абмеркаваньня палітычных тэм у двары жылога дома выказаўся пра Лукашэнку, піша «Вясна Брэст». Гэтую размову пачула пажылая жанчына: яна зрабіла мужчыну заўвагу і ў рэзкай форме запатрабавала замаўчаць.
Пазьней яна вярнулася дадому, патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, што «ў двары кампанія з васьмі чалавек лае ўладу, называюць Лукашэнку здраднікам і фашыстам».
У той жа вечар міліцыянты забралі Аляксандра Труша і ягоную знаёмую ў пастарунак. На судзе мужчына расказаў, што адразу пасьля затрыманьня сілавікі ціснулі на яго і пагражалі пасадзіць у ІЧУ, калі ён не напіша патрэбнай ім заяву. Па словах Труша, ён прызнаўся ў абразе Лукашэнкі і яго адпусьцілі. Аднак 17 верасьня затрымалі зноў і зьмясьцілі ў СІЗА да суду.
Жанчына, па даносе якой міліцыянты затрымалі Аляксандра, на судовае паседжаньне не прыйшла. Як піша «Вясна», грамадзянка Расеі спаслалася на свой узрост.
Пракурор Ягор Кронда палічыў віну Труша цалкам даказанай.
Судзьдзя Тацяна Лаўранюк прысудзіла Аляксандру Трушу 1,5 года калёніі агульнага рэжыму.
13 студзеня 2023 г. у Берасьцейскім абласным судзе разглядалася апэляцыйная скарга на гэты прысуд. Калегія з трох судзьдзяў пакінула рашэньне суду бязь зьмен.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інжынэру «Белтэлекаму» прысудзілі 6,5 года ў калёніі за «зьліў дадзеных сілавікоў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 студзеня: Яшчэ аднаго беларуса затрымалі пасьля вяртаньня з Польшчы