«Дыктатар не разумее, што праблема не ўва мне, а ў ім, — сказала яна. — Гэта ён праваліў выбары, захапіў уладу, тэрарызаваў людзей, прадаў Расеі беларускі сувэрэнітэт і ўцягнуў нашу краіну ў вайну».
Па словах палітыка, «з 2020 году сыстэма правасудзьдзя ператварылася ў машыну рэпрэсій і тэрору». Завочныя суды, «калі людзі ня могуць нават абараніць сябе», парушаюць асноўныя правы і свабоды грамадзян.
«У гэтай сытуацыі нельга чакаць справядлівасьці. Падсудным нават не паведамляюць, у чым іх абвінавачваюць. Яны ня могуць атрымаць ніякай інфармацыі ад адвакатаў, прызначаных рэжымам. Калі наняць уласнага адваката, таго, відавочна, звольняць ці нават пасадзяць у турму», — зазначыла Ціханоўская.
Яна падкрэсьліла, што ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо калі прадстаўнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі «здольныя аддаць пад суд ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру», то яны пойдуць «на любое злачынства, каб застацца ва ўладзе».
«Такое ж злачынства, як катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне ў СІЗА, пазасудовыя расправы над палітычнымі апанэнтамі і тэрор на вуліцах Беларусі, — сказала Ціханоўская. — Тое, што гэтае злачынства адбываецца пад выглядам суду, дзе ролю судзьдзі, абвінаваўцы і абаронцаў адыгрываюць прыхвасьні рэжыму, ня робіць яго меншым злачынствам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся завочны суд над Ціханоўскай, Латушкам і іншымі фігурантамі «справы Каардынацыйнай рады»«Усе мы ведаем, хто павінен паўстаць перад судом — дыктатар Лукашэнка і ягоныя паплечнікі. Мы будзем працягваць змагацца за тое, каб вярнуць у Беларусь сапраўдную справядлівасьць, вызваліць усіх палітвязьняў і дамагчыся таго, каб тыя, хто зьдзяйсьняе злачынствы супраць нашага народу, панесьлі адказнасьць», — заявіла Ціханоўская.
Перад пачаткам суду Ціханоўская адзначыла, што спробы зьвязацца з адвакатам, прызначаным судом, былі няўдалыя.
«Пра працэс мне і маёй камандзе ўдалося высьветліць няшмат. Пра суд я даведалася са СМІ, а не з афіцыйнага апавяшчэньня. Мне адмовілі ў праве ўдзельнічаць у паседжаньні, а таксама атрымаць копіі абвінавачаньня і пратаколаў. А імя і прозьвішча майго „абаронцы“, прызначанага судом, мне паведамілі толькі ў мінулую пятніцу. З улікам выходных мне проста не пакінулі магчымасьці абмеркаваць з адвакатам стратэгію абароны. Вось такое „правасудзьдзе“.
Але і гэта ня ўсё. Прызначаны адвакат, нягледзячы на мае спробы зь ім зьвязацца, на сувязь так і ня выйшаў. Як ён зьбіраецца мяне бараніць? Упэўнена, што гэта і не ўваходзіла ў яго пляны.
Што я хачу сказаць усім, хто ўдзельнічае ў гэтым працэсе, ад заказчыкаў справы, да судзьдзяў, пракурораў, сьледчых і таго самага абаронцы: я ведаю, што сваімі дзеяньнямі вы спрабуеце запалохаць і дыскрэдытаваць мяне. Але вы толькі даяце прамыя доказы сваіх злачынстваў супраць народа Беларусі».
- У «справе Каардынацыйнай рады», акрамя Ціханоўскай, праходзяць кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова і яе калега, кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі, былая кіраўніца перадвыбарчага штабу Ціханоўскай Марыя Мароз.