Міністарка абароны ФРГ Крыстынэ Ламбрэхт (Christine Lambrecht) падала ў адстаўку, піша DW.
У заяве Ламбрэхт, апублікаванай у панядзелак, 16 студзеня, гаворыцца, што яна падала адпаведнае прашэньне канцлеру ФРГ Оляфу Шольцу.
«Шматмесячная пільная ўвага СМІ да маёй асобы робіць практычна немагчымымі дзелавое інфармаваньне і дыскусіі аб вайскоўцах, бундэсвэры і вызначэньні прыярытэтаў у сфэры палітыкі бясьпекі ў імя інтарэсаў грамадзян Нямеччыны. Каштоўная работа вайскоўцаў і многіх матываваных людзей у грамадзкіх колах павінна заставацца на першым пляне. Прыняла рашэньне пакінуць сваю пасаду», — растлумачыла 57-гадовая Ламбрэхт.
Аб намеры Крыстынэ Ламбрэхт пакінуць пасаду міністра абароны нямецкія СМІ паведамлялі яшчэ ўвечары 13 студзеня. Ламбрэхт ужо на працягу многіх месяцаў знаходзіцца пад крытыкай. Апазыцыйныя хрысьціянскія дэмакраты абвінавачваюць яе ў некампэтэнтнасьці, марудлівасьці ў справе пераабсталяваньня бундэсвэру і няўдалых выступах на публіцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4 памылкі шматгадовай палітыкі: Нямецкія сацыял-дэмакраты кардынальна пераглядаюць свой падыход да РасеіЛамбрэхт была ў цэнтры некалькіх мэдыйных скандалаў
На пасадзе кіраўніцы Мінабароны ФРГ яна неаднаразова трапляла ў мэдыйныя скандалы. Апошні раз — за навагодняе віншаваньне, якое нямецкія СМІ прызналі няўдалым. Крыстынэ Ламбрэхт запісала віншавальны відэазварот, у якім згадвала вайну ва Ўкраіне, стоячы на фоне фаервэркаў і спрабуючы іх перакрычаць. Скандал выклікала і публікацыя фатаздымка сына Ламбрэхт у службовым верталёце.
Да таго, як у сьнежні 2022 году ўзначаліць абароннае ведамства, яна была міністрам юстыцыі ў апошнім кабінэце Ангелы Меркель, а з 2021 года адначасова выконвала абавязкі міністра ў справах сям’і, жанчын і моладзі. Між тым яшчэ ў сьнежні 2022 году канцлер Оляф Шольц публічна абараняў Ламбрэхт ад крытыкі, заявіўшы, што «ў бундэсвэра першаклясны міністар» і ён «зьдзіўлены некаторай крытыкай у яе адрас».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца Мінабароны ФРГ падчас візыту ў Адэсу хавалася ў бункеры ад расейскага налёту