Дата дня
16 студзеня 1919 году праз два тыдні пасьля абвяшчэньня БССР тэрыторыю савецкай Беларусі зьменшылі на карысьць Расейскай Фэдэрацыі. Да РСФСР адышлі Віцебская, Магілёўская і Смаленская губэрні. Больш падрабязна чытайце пра гэта ў нашым праекце «Як малявалі межы Беларусі».
Таксама ў гэты дзень
1593 — кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза склікаў паспалітае рушэньне з мэтаю здушэньня казацкага паўстаньня
1916 — фэльдмаршал Гіндэнбург выдаў загад пра наданьне беларускай мове раўназначных правоў зь іншымі мовамі, пашыранымі на тэрыторыях, акупаваных войскамі Нямеччыны.
1921 — падпісалі саюзную дамову паміж БССР і РСФСР.
1966 — у Таронта ўтварыўся Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады.
1969 — чэскі студнт Ян Палах спаліў сябе на Вацлаўскай плошчы ў Празе, пратэстуючы супраць уварваньня войскаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну,
У гэты дзень нарадзіліся
1791 — Генрык Дэмбінскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1830-1831 гадоў. У 1831-м кіраваў няўдалай спробаю адбіць у расейцаў Вільню і скончыў жыцьцё ў эміграцыі.
1826 — Рамуальд Траўгут, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-1864 гадоў. Быў схоплены і павешаны. У мястэчку Сьвіслач на Гарадзеншчыне яму пастаўлены помнік.
1905 — Алесь Пальчэўскі, беларускі пісьменьнік. За сталінскім часам быў двойчы рэпрэсаваны.
1919 — Уладзімер Алоўнікаў, беларускі кампазытар, народны артыст Беларусі. Сярод створаных ім папулярных песьняў — «Радзіма мая дарагая».
У памяці
1893 — Іван Берман, праваслаўны сьвятар, этнограф, краязнавец, зьбіральнік беларускага фальклёру.