Міністэрства ўнутраных спраў пашырыла сьпіс тых, хто «мае дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці». 13 студзеня ў сьпіс дадалі 30 прозьвішчаў.
Зь вядомых людзей у сьпісе — былы ўдзельнік праекту «Дом-2» у 2017 годзе беларус Давід Анташвілі. У сьнежні суд Цэнтральнага раёна Менска прызнаў яго вінаватым па ч.1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Пакуль Анташвілі знаходзіцца ў СІЗА-1 Менска, — піша Zerkalo.
У сьпісе ёсьць і экс-супрацоўніца «Белтэлерадыёкампаніі» Ксенія Луцкіна. Яе прызналі вінаватай па ч.1 арт. 357 КК (Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам). Яе таксама прызналі палітзьняволенай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Экстрэмістаў» знайшлі ў 1000 разоў больш, чым вырабілі верталётаў. Параўноўваем рэпрэсіўную вытворчасьць з прамысловай- Самы распаўсюджаны артыкул у людзей, якіх дадалі ў сьпіс, — 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), затым — 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), а затым 130 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці).