Сваякі фігурантаў «справы Аўтуховіча» заявілі пра ціск на блізкіх
У горадзенскай турме асуджаным абвінавачаным у «справе Аўтуховіча» пагражаюць карцарам, прымушаюць распранацца ў халодным памяшканьні, штурхаюць і б’юць. Ужо тыдзень невядома, дзе знаходзіцца баранавіцкі актывіст з інваліднасьцю Ўладзімер Гундар.
«Уся інфармацыя пакуль толькі праз трэція рукі. Сама хачу паехаць у аўторак, каб трапіць на спатканьне... З іх усіх зараз зьдзекуюцца, вобшукі бясконцыя, распранаюць у халодным памяшканьні, падкідваюць паперкі з надпісамі, быццам „малявы“», — заявіла для pozirkonline жонка Ўладзімера Гундара Алена.
Яго дачка Інга Стромская распавяла, што ўжо тыдзень дакладна невядома, дзе знаходзіцца бацька.
«Яго гвалтоўна вывелі з праслухоўваньня аўдыёматэрыялаў паседжаньня, куды зараз водзяць усіх фігурантаў. У гэты момант тата пасьпеў крыкнуць, што яго б’юць там. Пасьля гэтага ў калідорах уключылі музыку, і больш нічога пра яго невядома».
У дзяжурнай частцы сваякам паведамляюць, што Гундар знаходзіцца ў камэры, прымаюць перадачы.
«Калі ўсё добра, чаму тады яго не прыводзяць на паседжаньні, як і ўсіх?» — запыталася жанчына.
Пра вышэй апісаную сытуацыю распавялі сваякі аднаго зь фігурантаў справы, зь якім было спатканьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міколу Аўтуховічу ствараюць у турме «спэцыяльныя ўмовы»ГУБАЗіК прасіў дазвол на ўдзел у допыце «вясноўцаў»
На шостым судовым пасяджэньні ў «справе Вясны», 13 студзеня, палітзьняволены праваабаронца Валянцін Стэфановіч запатрабаваў назваць два дакумэнты зь першага тому, якія сьведчаць аб тым, што на абвінавачаных моцна ціснулі ў СІЗА. Таксама Валянцін заявіў, што доказы зьбіралі з парушэньнямі, пра што таксама сьведчаць гэтыя дакумэнты.
Валянцін Стэфановіч, дадаў, што «ўсе ведаюць, чым у нас у краіне займаецца ГУБАЗіК».
Гэтыя дакумэнты — запыты ГУБАЗіК у МУС і КДБ на дазвол іх супрацоўнікам прыняць удзел у допыце абвінавачаных. Адказы ведамстваў пакуль невядомыя.
Наступнае пасяджэньне прызначана на панядзелак, 16 студзеня. Пачатак аб 11:00.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над нобэлеўскім ляўрэатам. Чаму праваабаронцаў прыраўноўваюць да тэрарыстаўМенш чым за 1,5 года зьняволеньня былы дырэктар БелаПАН прачытаў каля 140 кніг
Пра гэта паведамілі BPN калегі зьняволенага Дзьмітрыя Наважылава. Яго раней асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Апэляцыю не задаволілі.
«Ён іх літаральна праглынае, што нядзіўна: Дзіма заўсёды любіў кнігі і мае энцыкляпэдычныя веды», — адзначыў адзін зь іх.
Паводле інфармацыі BPN, Наважылаў на здароўе ня скардзіцца, знаходзіцца ў бадзёрым настроі.
Летась 17 жніўня, за дзень да першай гадавіны затрыманьня, ён напісаў сябру, што прачытаў 80 кніг.
«Якой бы абсурднай ні была сытуацыя, але яна ёсьць. І яе не зьмяніць. Стараюся выкарыстоўваць час з карысьцю — разьвівацца фізычна, духоўна, інтэлектуальна. Любімы занятак — чытаньне кніг», — зазначыў Наважылаў у тым пасланьні.