Такое рашэньне ў Літоўскім нацыянальным тэатры опэры і балета будзе дзейнічаць да заканчэньня расейскай вайны ва Ўкраіне. Гэта зроблена згодна з рэкамэндацыяй Міністэрства культуры Літвы, якое настойвала на ўстрыманьні ад публічных паказаў твораў расейскіх аўтараў, паколькі ў Расеі культура цесна зьвязаная з агрэсіўнай палітыкай краіны.
Аб гэтым, зьвяртаючыся да сусьветнай культурнай супольнасьці, прасіў раней і міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Аляксандар Ткачэнка.
«Мы спадзяёмся на разуменьне гледачоў тэатру і іхную падтрымку, тым больш што замест балетаў, ад якіх мы адмаўляемся, мы пакажам любімыя публікай спэктаклі», — сказала прадстаўніца Літоўскага тэатру опэры і балету Юргіта Скэціцэ-Нарвайшэнэ.
Так, у наступныя дні замест «Рамэа і Джульеты» Сяргея Пракоф’ева пакажуць балет «Барбара Радзівіл», а замест «Вясны сьвятой» Ігара Стравінскага — балет «Працэс».
«Абодва балета — вядомыя творы нацыянальнай сцэны. Балет Анжалікі Холінай „Барбара Радзівіл“ пасьпяхова зьбірае поўныя залі ўжо 12-ы сэзон — зь вясны 2011 г. Квіткі на гэты балет купіць нялёгка(...)У балеце расказана гісторыя каханьня Барбары Радзівіл і Жыгімонта Аўгуста», — гаворыцца ў паведамленьні Літоўскага тэатру опэры і балету.
«Працэс» — дэбютны спэктакль Марцінаса Рымейкіса — публіка ўпершыню ўбачыла ў сьнежні 2017 года. Пастаноўку ўзнагародзілі двума «Залатымі сцэнічнымі крыжамі».
У тэатры выбачыліся перад гледачамі, якія загадзя куплялі квіткі на адмененыя спэктаклі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кацярыну ў музэй, Суворава — на пераплаўку. Як зьнікаюць сымбалі расейскага імпэрыялізму