Улады Ўкраіны зьбіраюцца правесьці «сусьветны саміт» у штаб-кватэры ААН 24 лютага — у гадавіну пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня. Пра гэта 12 студзеня ў інтэрвію агенцтву Anadolu заявіў амбасадар Украіны ў Турэччыне Васіль Боднар.
Па словах дыплямата, Украіна гатовая да міру, і раней Зяленскі сфармуляваў дзесяць прынцыпаў, на аснове якіх краіна магла б заключыць мірнае пагадненьне.
У той жа час у пачатку студзеня прадстаўнікі ААН заяўлялі, што пакуль не рыхтуюцца да «саміту міру».
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў лістападзе ў выступе перад удзельнікамі саміту «Вялікай дваццаткі» прадставіў «украінскую формулу міру» — рэальны плян спыненьня вайны з Расеяй. У «пляне Зяленскага» дзесяць пунктаў.
Раней у ААН прэзыдэнт Украіны заявіў, што яго формула прадугледжвае стварэньне трыбуналу супраць Расеі, выплату Кіеву кампэнсацыі за вайну, аказаньне Кіеву фінансавай і вайсковай падтрымкі з боку заходніх краін, абмежаваньне цаны расейскіх рэсурсаў і аднаўленьне тэрытарыяльных межаў Украіны. Масква пракамэнтавала гэтыя моманты асобна, заявіўшы, што не гатовая да такіх умоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацеў ехаць ва Ўкраіну ў 2014-м, але, каюся, паверыў у байку пра расьпятага хлопчыка». Гутарка зь беларускім добраахвотнікам з «Пагоні»Тым часам, паводле зьвестак украінскага камандаваньня, агульныя страты расейскай арміі за час поўнамаштабнага ўварваньня склалі каля 114 130 вайскоўцаў.
Генштаб Украіны таксама прыводзіць абноўленыя дадзеныя аб стратах расейскай тэхнікі:
- 3098 танкаў (+4 у суткі)
- 6167 баявых браняваных машын (+8)
- 2086 артылерыйскіх сыстэм (+4)
- 437 рэактыўных сыстэм залпавага агню
- 218 сродкаў супрацьпаветранай абароны
- 286 самалётаў (+1)
- 276 верталётаў
- 1865 бесьпілётнікаў апэратыўна-тактычнага ўзроўню
- 723 крылатыя ракеты
- 17 караблёў і катэраў
- 4833 аўтамабіляў і аўтацыстэрнаў (+7)
- 184 адзінкі спэцыяльнай тэхнікі
Кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генэрал Марк Мілі заявіў 10 лістапада, што страты Расеі ў вайне складаюць ня менш за 100 тысяч забітымі і параненымі.
Па словах Мілі, верагодна, падобныя страты панесьлі і Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Акрамя таго, ён паведаміў, што з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі каля 40 тысяч мірных жыхароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія патлумачыла зьвесткі аб стратах Украіны, якія агучыла Урзуля фон дэр Ляен- Расея не раскрывае зьвестак аб сваіх загінулых. Мінабароны РФ апошні раз агучавала дадзеныя аб стратах 21 верасьня, паведамляючы пра 5937 загінулых.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.