IKEA патрабуе ад акцыяніста Пятра Маркелава 8 500 эўра кампэнсацыі

Пётра Маркелаў, архіўнае фота, 2019 год

Беларус Пётра Маркелаў, які цяпер жыве і вучыцца ў Чэхіі, у лістападзе правёў акцыю ў мэблевай краме IKEA ў Празе. Ён пасек тумбачкі, абліў іх фарбай і праз рупар па-ангельску абвясьціў, што рэагуе такім чынам на супрацу кампаніі з уладамі Беларусі.

ІКЕА ацаніла шкоду ў 205 658 чэскіх крон, што ў эквіваленце складае амаль 8,5 тысячы эўра.

«На працягу 10 гадоў IKEA выкарыстоўвала прымусовую неаплатную працу ў беларускіх калёніях, у тым ліку палітвязьняў. Пакуль такія кампаніі падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, я не магу вярнуцца дадому. IKEA павінна плаціць!» — так Пётра Маркелаў камэнтаваў сваю лістападаўскую акцыю. Прадстаўніцтва ІКЕА адмаўляе, што выкарыстоўвала працу зьняволеных.


Паліцыя затрымала Маркелава, аднак вызваліла праз шэсьць гадзін.

Сёньня ён расказаў Свабодзе, што яго зноў выклікалі ў паліцыю, дапыталі, зьнялі адбіткі пальцаў, узялі ДНК, а таксама паказалі дакумэнт, у якім ІКЕА ацаніла нанесеную ёй шкоду. Маркелаў выказаў фармальную згоду кампэнсаваць шкоду. Ягонае тлумачэньне накіравалі пракурору, які і будзе прымаць рашэньне аб пакараньні. Аднак актывіст кажа, што зьбіраецца працягваць кампанію супраць ІКЕА і «не для таго праводзіў гэтую акцыю, каб плаціць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​«Драбілі дошкі на трэскі, пасьля іх адпраўлялі ў Эўропу». Былыя палітвязьні расказваюць пра сваю працу ў беларускіх калёніях
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адпусьцілі, чакаю рашэньня пракурора». Як беларусы праводзілі «радыкальныя» акцыі за мяжой і што ім за гэта было