12 студзеня Вярхоўная Рада Ўкраіны ў другім чытаньні прыняла законапраект 8098, рашэньне падтрымаў 321 народны дэпутат.
Гэты законапраект дазволіць «забясьпечыць прававую дакладнасьць, роўныя магчымасьці і правы замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія праходзяць вайсковую службу ва ўсіх украінскіх вайсковых фармаваньнях, створаных у адпаведнасьці з законамі Ўкраіны».
«Пасьля пачатку расейскай агрэсіі многія замежныя грамадзяне выказалі жаданьне добраахвотна абараняць Украіну. Ужо быў прыняты шэраг законапраектаў, але захоўваліся недакладнасьці», — напісаў у сваім Telegram-канале дэпутат ВР Аляксей Ганчарэнка.
Пры ўнясеньні папярэдніх зьменаў у заканадаўства былі адзначаныя толькі тыя падразьдзяленьні, якія падпарадкоўваюцца Ўзброеным сілам Украіны, і не былі ўключаныя падразьдзяленьні, якія ўтварыліся пры Нацгвардыі Ўкраіны. У іх ліку — полк «Азоў», у якім служыць шмат замежных грамадзян, а таксама беларускія добраахвотніцкія падразьдзяленьні. У сувязі з чым замежныя вайскоўцы гэтых фармаваньняў былі «пазбаўленыя магчымасьці знаходзіцца легальна на тэрыторыі Ўкраіны і ў будучыні ня змогуць атрымаць украінскае грамадзянства», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да законапраекту 8098.
Цяпер зьмены ў закон ліквідуюць гэтыя перакосы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто ёсьць хто сярод беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне. Гайд па фармаваньнях і батальёнах«Мы вітаем рашэньне Вярхоўнай Рады пашырыць правы замежных добраахвотнікаў ва Ўкраіне, — напісаў у ТГ-канале дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка. — Закон дазваляе замежным, у тым ліку беларускім, добраахвотнікам легальна знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны і атрымліваць украінскае грамадзянства ў спрошчаным парадку».
- Ва Ўкраіне загінулі ўжо 18 добраахвотнікаў зь Беларусі. Вядома таксама пра як найменш 28 грузінскіх добраахвотнікаў, якія загінулі, ваюючы за Ўкраіну.