Кіраўнік Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Дарус Яўнішкіс адзначыў, што праз вайну ва Ўкраіне сытуацыя абвастрылася. Пры гэтым краіны Эўропы пачалі ачышчацца ад агентаў расейскай выведкі, адзначыў ён у інтэрвію Delfi.
«Беларускі КДБ працуе вельмі інтэнсіўна, як і расейскія спэцслужбы ў сябе. Я маю на ўвазе, што людзі, якія перасякаюць мяжу і едуць у гэтыя краіны па танныя паліва, цыгарэты ці яшчэ па нешта, аўтаматычна аказваюцца ў зоне рызыкі. Ёсьць факты вэрбоўкі людзей, у іх пытаюцца, напрыклад, пра палітычную сытуацыю ў Літве, іх працу, адукацыю, хто яны. Зьбіраюць інфармацыю, палохаюць, каб атрымаць інфармацыю».
Ён падкрэсьліў, што людзі не павінны думаць, што яны не ўяўляюць цікавасьці для іншых спэцслужбаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ — 10 000, ахова Лукашэнкі — больш за 1000. Колькі людзей працуе ў розных спэцслужбах Беларусі«Усе мы ўяўляем цікавасьць. Кожны чалавек мае пэўную інфармацыю, носіць яе ў сябе ў галаве — ён дзесьці працуе, мае нейкую інфармацыю, у яго ёсьць калегі, сябры, блізкія. Іх цікавіць любая інфармацыя. Яны могуць стварыць сытуацыю. Расейскія і беларускія спэцслужбы славяцца тым, што падсоўваюць табе мадэль злачынства і потым абвінавачваюць, кажуць: калі хочаш вярнуцца дадому, а не сядзець у турме 10 гадоў, павінен супрацоўнічаць. Гэта адзін з простых прыкладаў. У людзей ёсьць слабасьці: або запіваюць, або губляюць памяць. Потым лёгка змадэляваць нейкую сытуацыю», — сказаў Яўнішкіс.
Паводле яго слоў, змадэляваныя спэцслужбамі сытуацыі могуць быць самыя розныя — напрыклад, бойка або ДТЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Служба дзяржбясьпекі Латвіі заклікала грамадзян ня езьдзіць у Беларусь і Расею на зімовыя сьвятыТаксама Дарус Яўнішкіс сказаў, што Літва ня можа проста так давяраць грамадзянам Беларусі, як і Расеі, якія прыяжджаюць у Літву. Сярод сапраўдных змагароў зь недэмакратычнымі рэжымамі з гэтых краін прыяжджаюць і людзі, якія ўяўляюць небясьпеку.
Паводле яго, было ўжо шмат выпадкаў, «не адзін, ня два і ня тры», калі ў Літву прыяжджалі людзі, завэрбаваныя беларускімі ці расейскімі спэцслужбамі. У прыватнасьці, Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі «фіксаваў факты ўезду агентаў беларускага КДБ, завэрбаваных людзей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бязьвізавы ўезд у Беларусь для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы працягнуты на 2023 год ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як КДБ вылічвае тых, хто данаціў у фонды салідарнасьці. Вэрсія: вінаваты Фэйсбук