Яшчэ аднаго беларускага прадпрымальніка за дапамогу Ўкраіне затрымаў ГУБАЗіК 

Ілюстрацыйнае фота

У адным зь неафіцыйных тэлеграм-каналаў ГУБАЗіК зьявілася паведамленьне аб затрыманьні прадпрымальніка ў Гомлі і відэа жорсткага абыходжаньня зь ім.

Як піша гомельскае выданьне «Флагшток», імя затрыманага прадпрымальніка Юры Ташкінаў. У сацыяльных сетках ён выказваўся супраць вайны ва Ўкраіне і публікаваў справаздачы аб гуманітарнай дапамозе жыхарам украінскага памежжа, якія трапілі пад расейскую акупацыю ў пачатку вясны 2022 году.

Як зразумела з запісу, мужчыну затрымалі ў ягонай кватэры. Арышт праводзіў ГУБАЗіК пры падтрымцы атраду АМАП у поўнай амуніцыі. Сілавікі ўварваліся ў кватэру, павалілі гаспадара на падлогу, сьцягнулі рукі за сьпінай кайданкамі.

На відэа, зьнятым пад ціскам, прадпрымальнік кажа, што нібыта рабіў ахвяраваньні ў фонд BySol. У трактоўцы сілавікоў, грошы «ішлі на рахункі прыватных тэрарыстычных арганізацый, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны».

Паводле каналу, супраць мужчыны пачалі крымінальную справу аб фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці, ён знаходзіцца ў ІЧУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі бізнэсовец расказаў аб рэпрэсіях сілавікоў за данаты ўкраінскаму войску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Human Rights Watch: «Улады Беларусі ня здолелі правесьці эфэктыўнага расьсьледаваньня катаваньняў мірных пратэстоўцаў у 2020 годзе»