Human Rights Watch: «Улады Беларусі ня здолелі правесьці эфэктыўнага расьсьледаваньня катаваньняў мірных пратэстоўцаў у 2020 годзе»

Human Rights Watch

Аўтарытэтная праваабарончая ініцыятыва падвяла вынікі 2022 для Беларусі. Паляпшэньняў не знайшлі. Нягледзячы на пастановы і рэзалюцыі аўтарытэтных міжнародных арганізацый, улады дзяржавы на чале з Аляксандрам Лукашэнкам сыстэматычна ігнаруюць міжнароднае права і звароты да сябе.

Некаторыя высновы справаздачы, сьцісла:

  • У 2022 годзе працягвалі зачышчаць незалежныя галасы, у тым ліку шляхам сфабрыкаваных судовых спраў і перасьледу праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў, апазыцыйных палітыкаў і актывістаў. На момант напісаньня справаздачы за кратамі па палітычна матываваных абвінавачаньнях знаходзіліся ня менш за 1340 чалавек (на 12 студзеня ў Беларусі 1440 палітычных зьняволеных, паводле «Вясны». — РС), і ніводная праваабарончая арганізацыя не магла легальна дзейнічаць у Беларусі.
  • З 24 лютага ўрад Беларусі дазваляе расейскім войскам выкарыстоўваць тэрыторыю краіны для поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Улады перасьледавалі крытыкаў расейска-ўкраінскай вайны і жорстка разганялі антываенныя пратэсты.
  • Улады не змаглі правесьці эфэктыўнага расьсьледаваньня шырока распаўсюджаных сьцьвярджэньняў аб катаваньнях і іншых відах жорсткага абыходжаньня зь мірнымі дэманстрантамі з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў у жніўні 2020 году пасьля маніпуляцый на прэзыдэнцкіх выбарах.

Перасьлед за мірныя пратэсты і іншадумства

Паводле зьвестак «Вясны», у пэрыяд зь лістапада 2021 году па кастрычнік 2022 году ў сувязі з масавымі пратэстамі 2020 году прыцягнута да крымінальнай адказнасьці ня менш за 3458 чалавек, а больш за 3148 чалавек прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці. Улады ўсё часьцей выкарыстоўвалі абвінавачаньні ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» для перасьледу людзей за распаўсюджваньне публікацый незалежных інфармацыйных выданьняў і тэлеграм-каналаў, якія ўрад прызнаў «экстрэмісцкімі».

27 лютага ўлады правялі рэфэрэндум аб унясеньні паправак у Канстытуцыю, якія, у тым ліку, скасоўваюць статус Беларусі як краіны, свабоднай ад ядзернай зброі, і вызваляюць былых прэзыдэнтаў ад адказнасьці за дзеяньні, учыненыя падчас іх знаходжаньня на пасадзе. Праваабаронцы палічылі рэфэрэндум непразрыстым і нелегітымным.

У дзень рэфэрэндуму па ўсёй краіне прайшлі мірныя дэманстрацыі пратэсту супраць ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Паліцыя затрымала сотні пратэстоўцаў і біла іх. У наступныя месяцы міліцыя рэгулярна затрымлівала людзей за антываенныя плякаты і надпісы. Улады завялі дзясяткі крымінальных спраў за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» супраць людзей, якія распаўсюджвалі фота і відэа перамяшчэньня расейскіх войскаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі бізнэсовец расказаў аб рэпрэсіях сілавікоў за данаты ўкраінскаму войску

Праваабаронцы, групы грамадзянскай супольнасьці і юрысты

На момант напісаньня артыкулу трое сяброў «Вясны», якая асабліва моцна пацярпела ад уладаў, заставаліся за кратамі па фіктыўных абвінавачаньнях у «кантрабандзе» і «фінансаваньні групавых дзеяньняў, што парушаюць грамадзкі парадак», у тым ліку яе лідэр і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, намесьнік старшыні Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімер Лабковіч. Трое іншых сяброў «Вясны», Марыя (Марфа) Рабкова, Андрэй Чапюк і Леанід Судаленка адбывалі пакараньне ў 15, 6 і 3 гады адпаведна. «Вясна» паведамляла пра бесчалавечныя ўмовы ўтрыманьня, у тым ліку адмову ў мэдыцынскай дапамозе і абмежаваньне ліставаньня.

У сьнежні суд у Гомлі прызнаў сайт і старонкі «Вясны» ў сацыяльных сетках «экстрэмісцкімі», што прывяло да іх блякаваньня. Улады таксама заблякавалі вэб-сайты іншых арганізацый грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку Human Constanta. У красавіку генпракурор заявіў аб блякаваньні сайту Human Rights Watch. Гэта адбылося празь некалькі дзён пасьля таго, як арганізацыя апублікавала справаздачу аб ваенных злачынствах расейскіх войскаў ва Ўкраіне.

У красавіку ўлады правялі ператрусы ў офісах незалежных прафсаюзаў, затрымаўшы прынамсі 14 іх лідэраў і сяброў праз абвінавачаньне ў «арганізацыі дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак». У ліпені Вярхоўны суд Беларусі зьліквідаваў чатыры буйныя незалежныя прафсаюзы і Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

Да кастрычніка ўлады вырашылі закрыць 653 арганізацыі грамадзянскай супольнасьці. У студзені ўступілі ў сілу папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія зноў уводзяць крымінальную адказнасьць за ўдзел у дзейнасьці ад імя незарэгістраваных арганізацый, якая караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін да 2 гадоў.

Улады працягвалі рэпрэсіі супраць адвакатаў у адказ за выказваньне поглядаў на прававыя пытаньні, прадстаўленьне інтарэсаў кліентаў у палітычна матываваных справах і выступленьні супраць вайны ва Ўкраіне. Са жніўня 2020 году ня менш за 70 адвакатаў страцілі ліцэнзіі ў выніку адвольных рашэньняў Міністэрства юстыцыі або палітычна матываваных працэдур адхіленьня адвакатаў. На момант напісаньня артыкулу сямі адвакатам выставілі палітычна матываваныя абвінавачаньні, пачынаючы ад «заклікаў да дзеяньняў, што наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі» і заканчваючы «арганізацыяй масавых беспарадкаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над нобэлеўскім ляўрэатам. Чаму праваабаронцаў прыраўноўваюць да тэрарыстаў

Свабода слова, нападкі на журналістаў

Са студзеня па кастрычнік Беларуская асацыяцыя журналістаў задакумэнтавала 93 выпадкі адвольных затрыманьняў, рэйдаў, штрафаў і адміністрацыйных арыштаў журналістаў. На момант напісаньня артыкула 28 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ знаходзіліся за кратамі па фіктыўных крымінальных абвінавачаньнях ад «абразы прэзыдэнта» да «здрады дзяржаве» і «змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

Да кастрычніка ўлады прызналі «экстрэмісцкімі» прынамсі 29 незалежных СМІ, за што іх заблякавалі на тэрыторыі краіны. У чэрвені Вярхоўны суд прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй» партал Tut.by. На момант напісаньня тэксту трое яго супрацоўнікаў, у тым ліку галоўная рэдактарка Марына Золатава, знаходзіліся за кратамі ў фіктыўных крымінальных справах; яшчэ дзевяць знаходзіліся пад падпіскай аб нявыезьдзе да суду.

13 ліпеня суд у Гомлі прызнаў журналістку «Белсат» Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) вінаватай у «дзяржаўнай здрадзе». На момант вынясеньня прысуду яна ўжо адбывала іншае пакараньне. Пасьля новага прысуду тэрмін яе зьняволеньня вырас да 8 гадоў і 3 месяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць за «беларускі нацыяналізм» і «мэту зьмяніць дзяржаўную ўладу». Беларусь вярнулася у 1930-я

Перасьлед чальцоў і прыхільнікаў палітычнай апазыцыі

У сьнежні суд у Гомлі вынес прысуд у справе экс-кандыдата ў прэзыдэнты Сяргея Ціханоўскага і пяці яго меркаваных прыхільнікаў, якія абвінавачваюцца ў «арганізацыі масавых акцый пратэсту». Ціханоўскі, жанаты на лідэрцы беларускай апазыцыі ў выгнаньні Сьвятлане Ціханоўскай, асуджаны на 18 гадоў пазбаўленьня волі. Астатніх абвінавачаных, у тым ліку апазыцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча і журналіста Радыё Свабодная Эўропа Ігара Лосіка, прысудзілі да 14-16 гадоў пазбаўленьня волі. У жніўні ўлады перавялі Ціханоўскага з калёніі ў турму з больш жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня.

Гуманітарны крызіс і гвалт на беларуска-польскай мяжы

Пачынаючы са жніўня 2021 году, улады арганізавалі гуманітарны крызіс, выдаючы турыстычныя візы тысячам мігрантаў, у асноўным з Блізкага Ўсходу, каб заахвоціць іх ехаць да межаў Эўрапейскага зьвязу. Адштурхнутыя назад у Беларусь на межах ЭЗ, мігранты пацярпелі ад сур’ёзных парушэньняў, уключаючы пабіцьцё і як мінімум адзін выпадак згвалтаваньня з боку беларускіх памежнікаў і іншых спэцслужбаў.

Улады Беларусі не дазвалялі ім пакінуць памежныя раёны і прымушалі неаднаразова спрабаваць перасекчы тэрыторыю Эўразьвязу. Гэта прывяло да таго, што сотні людзей тыднямі і месяцамі знаходзіліся ў падвешаным стане ў абставінах, якія пагражалі іх жыцьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 этапаў мігранцкага крызісу, які пачаўся пагрозай Лукашэнкі, а скончыўся сьмерцю польскага дэзэртыра і закрыцьцём лягеру мігрантаў

Сьмяротнае пакараньне

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе і Цэнтральнай Азіі, дзе прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды. Уладам могуць некалькі месяцаў не паведамляць сваякам аб іх выкананьні, таксама яны адмаўляюцца раскрываць месца пахаваньня, прычыняючы родным дадатковыя пакуты.

У лістападзе 2021 году сям’я Віктара Паўлава, асуджанага да сьмяротнага пакараньня за забойства і крадзеж, нарэшце атрымала афіцыйнае пацьверджаньне аб яго сьмерці 13 траўня 2021 году. Улады пакаралі сьмерцю Паўлава, нягледзячы на пастанову Камітэту ў правах чалавека ААН прыпыніць выкананьне прысуду, пакуль камітэт разглядаў яго справу.

Лёс Віктара Сяргеля, асуджанага за забойства ў 2021 годзе, невядомы. Сям’я асуджанага да сьмяротнага пакараньня за забойства і замах на забойства Віктара Скрундзіка пакуль не атрымала афіцыйнага пацьверджаньня яго сьмерці, хаця ў верасьні 2021 году дзяржаўны тэлерадыёвяшчальнік згадваў пра расстрэл Скрундзіка.

У траўні ўступілі ў сілу папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія ўвялі сьмяротнае пакараньне за расплывіста акрэсьленыя несьмяротныя «замахі на тэрарыстычныя акты».

Рэакцыя ключавых міжнародных суб’ектаў на падзеі ў Беларусі

У лістападзе 2021 году 35 краін АБСЭ задзейнічалі Венскі мэханізм чалавечага вымярэньня, падкрэсьліваючы няздольнасьць улад Беларусі расьсьледаваць грубыя парушэньні правоў чалавека і ліквідаваць іх. У пэрыяд са сьнежня 2021 году па верасень 2022 году ЗША, Канада, Эўрапейскі зьвяз і Вялікая Брытанія ўвялі дадатковыя санкцыі супраць Беларусі ў адказ на далейшыя парушэньні правоў чалавека. У тым ліку гэта былі санкцыі супраць фізычных і юрыдычных асоб, а таксама дзеяньні па ўзмацненьні жорсткасьці экспартнага кантролю.

Камітэт правоў чалавека ААН вынес тры рашэньні ў справах аб сьмяротным пакараньні ў Беларусі. У верасьні 2021 камітэт выявіў парушэньні права на жыцьцё і права на справядлівы суд у справе расстралянага ў 2018 Аляксея Міхалені. У сакавіку 2022 камітэт асудзіў расстрэл Віктара Паўлава. У траўні 2022 орган ААН выявіў жорсткае абыходжаньне з маці Паўла Сялюна, якой улады даслалі адзеньне асуджанага на сьмерць і адмовіліся паведаміць месца яго пахаваньня.

У лютым Вэнэцыянская камісія, дарадчы орган Рады Эўропы, выдала тэрміновае прамежкавае заключэньне аб канстытуцыйнай рэформе ў Беларусі, падкрэсьліваючы, што яна «не выпраўляе моцнага дысбалянсу паўнамоцтваў [...] і можа нават пагоршыць яго».

У сакавіку Офіс Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека прадставіла новую справаздачу ў рамках свайго мандату, якая датычыцца вывучэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і пасьля іх, дакумэнтуючы парушэньні і адсутнасьць эфэктыўнага расьсьледаваньня. У красавіку Рада ААН у правах чалавека падоўжыла гэты мандат на год. У ліпені спэцдакладчыца ААН аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі прадставіла сваю штогадовую справаздачу, у якой зафіксавана пастаяннае пагаршэньне сытуацыі; у чэрвені Рада правоў чалавека падоўжыла мандат спэцдакладчыцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі параілі Офісу Вярхоўнага камісара ААН «ня ўмешвацца ў справы сувэрэннай дзяржавы» пасьля заявы пра Бяляцкага

У траўні Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, якая асуджае рэпрэсіі супраць прафсаюзных дзеячаў. У жніўні Рада ЭЗ зноў заявіла аб падтрымцы дэмакратычных памкненьняў беларускага народа.

21 ліпеня Эканамічная і сацыяльныя рада ААН (ECOSOC) прагаласавала за наданьне Беларускаму Хэльсынскаму камітэту кансультацыйнага статусу ў ААН, заяўку якога гадамі несправядліва блякавалі Расея і Кітай.

У лістападзе Камітэт правоў чалавека ААН выказаў «глыбокае шкадаваньне» з нагоды таго, што Беларусь дэнансавала Першы факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, заблякаваўшы мандат Камітэту правоў чалавека ААН на разгляд індывідуальных скаргаў зь Беларусі.

У лістападзе Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі і падтрымаў беларускую дэмакратычную апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская агучыла прыярытэты палітыкі дэмакратычных сілаў на 2023 год. У чым яны палягаюць