Жыхары Дрыбіна наракаюць, што гарачая вада паступае ім толькі раніцай і ўвечары ў пэўныя гадзіны, піша мясцовая газэта «Савецкая вёска». Сытуацыю пракамэнтаваў начальнік кацельна-цеплавой і газавай гаспадаркі «Жылкамгасу» Аляксандр Кускоў:
«Графік падачы гарачай вады зацьверджаны раённым выканаўчым камітэтам. З панядзелка па суботу падача гарачай вады ажыцьцяўляецца раніцай з 6.00 да 9.00, у нядзелю — да 11.00. Увечары гарачая вада падаецца ў шматкватэрныя дамы з 17.00 да 23.00. Перавесьці на кругласутачны рэжым падачу гарачай вады кацельня пакуль не мае тэхнічнай магчымасьці».
Пытанне, ці плянуецца ў далейшым нейкая мадэрнізацыя кацельні, каб гарачая вада падавалася ў шматкватэрныя дамы пасёлка Дрыбін круглыя суткі, пракамэнтаваў намесьнік старшыні райвыканкама Ўладзімір Лясяк:
«Гарачая вада ў шматкватэрныя дамы райцэнтра падаецца з катлоў, якія працуюць на мясцовых відах паліва. Паводле заканадаўства ў невялікіх населеных пунктах, гарачая вада павінна падавацца толькі пры спальваньні мясцовых відаў паліва. Калі гарачую ваду падаваць кругласутачна, тое гэта прывядзе да вялікага спажываньня электраэнэргіі. А гэта эканамічна невыгадна і затратна», — заявіў ён.
Калі ж дзейны графік падачы гарачай вады не задавальняе кагосьці з жыхароў Дрыбіна, то старшыня райвыканкама раіць індывідуальны або газавы электранагравальнік вады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўчанка заявіў, што ўрад плянуе інфляцыю ў 2023-м на ўзроўні 6% ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пляны ўраду на 2023 год маларэалістычныя. Сёлета можна зноў чакаць стагнацыі і нулявога росту эканомікі,— эканаміст Крук ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна, палітвязьні, прызнаньне Ціханоўскай: прагнозы беларускіх экспэртаў на 2023 год