Раману Коржыку ставілі ў віну артыкул 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады»).
Праваабаронцы адзначаюць, у адпаведнасьці зь дзейнай тады рэдакцыяй Крымінальнага кодэксу максымальнае пакараньне паводле артыкулу было да 2 гадоў зьняволеньня, а значыць, дзеяньні менчука адносіліся да злачынстваў, якія не нясуць вялікай грамадзкай небясьпекі. У такім выпадку тэрмін даўнасьці — 2 гады з моманту зьдзяйсьненьня ўчынку, таму прысуд Раману Коржыку павінен уступіць у сілу на працягу 2 гадоў з даты напісаньня апошняга камэнтара, не пазьней за 7 сьнежня.
Аднак пакраньне Раману агучылі 6 сьнежня, а набыць моц яно магло не раней чым праз 10 дзён. У такім выпадку суду варта было спыніць справу праз заканчэньне тэрміну даўнасьці, але замест гэтага менчуку прызначылі 1 год абмежаваньня волі, а таксама абавязалі выплаціць па 1000 рублёў кожнаму з шасьці пацярпелых.
Нядаўна стала вядома, што на дадатковым паседжаньні 26 сьнежня судзьдзя Натальля Вакульчык, якая раней вынесла абвінаваўчы прысуд, пастанавіла вызваліць Рамана Коржыка ад пакараньня з прычыны выхаду тэрміну даўнасьці.
Гэта надзвычай рэдкі ў апошні час выпадак скасаваньня выраку ў палітычна матываванай справе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 10 студзеня: адміністратара чату «Жыве Лунінец» будуць судзіць па 5 крымінальных артыкулах