У студзені–лістападзе 2022 году аб’ём замежнага гандлю таварамі Беларусі зьнізіўся на 6,4% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году, экспарт — на 4,2%, імпарт — на 8,5%, сьведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту, на якія спасылаецца BPN.
За 11 месяцаў замежнагандлёвы таварны абарот склаў 69 млрд 23,1 млн даляраў, у тым ліку экспарт — 34 млрд 767,1 млн, імпарт — 34 млрд 256 млн.
Па выніках 10 месяцаў мінулага году аб’ём замежнага гандлю таварамі склаў 61 млрд 327,3 млн даляраў (мінус 6,4% да ўзроўню студзеня–кастрычніка 2021 году).
Дадзеных па таварных пазыцыях і краінах Белстат не прыводзіць.
Белстат з 2021 году пачаў закрываць некаторыя разьдзелы статыстыкі — экспарт нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў, статыстыку сьмяротнасьці за 2020 год, колькасьць пэнсіянэраў ды іншае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Агучыць адну лічбу, прыхаваць іншую». Як чыноўнікі маніпулююць статыстыкайПродажы грузавікоў МАЗ на рынку Расеі ў 2022 годзе зьнізіліся адразу на 20,6%
Як вынікае з статыстыкі, экспарт па некаторых пазыцыях упаў нават у Расею, якая лічыцца галоўным саюзьнікам уладаў Беларусі.
Па выніках 2022 году продажы новых грузавікоў Менскага аўтамабільнага заводу на расейскім рынку зьнізіліся на 20,6%, сьведчаць дадзеныя расейскага аналітычнага агенцтва «Автостат».
За мінулы год МАЗ здолеў прадаць у Расею 4388 аўтамабіляў (у 2021-м — 5525). На долю беларускага вытворцы ў 2022-м прыпала 5,2% расейскага рынку (у 2021-м — 5,5%). МАЗ займае 6-я пазыцыю на расейскім рынку новых грузавікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз расейскі напад на Ўкраіну Гомельскі хімзавод пазбавіўся 95% экспарту