Пра гэта піша DW.
«Мы ня ведаем, каго з нас арыштуюць наступным. Настрой жахлівы», — прызнаюцца ў гэтыя дні журналісты зь Ірану ў прыватных размовах з замежнымі калегамі. Перад камэрай ці мікрафонам ніхто паўтарыць гэта не гатовы. Максымум, на што іранцы гатовы сёньня — гэта пасты ў сацыяльных сетках.
За пост у сацсетках у Іране можна апынуцца ў турме
Але і пасты гэта небясьпечна — што ў чарговы раз даказвае гісторыя іранскага журналіста Мілада Алаві. 1 студзеня яго арыштавалі. Прычына да гэтага часу невядомая, паведамляе яго брат у Twitter. Некалькімі тыднямі раней паліцыя правяла ператрус у кватэры журналіста і канфіскавала яго смартфон і кампутар.
Алаві паведамляў аб пратэстах у Іране і ахвярах іх бязьлітаснага падаўленьня сілавымі ведамствамі. Масавыя выступленьні пачаліся ў верасьні пасьля сьмерці 22-гадовай курдзкай дзяўчыны Махсы Аміні, якую паліцыя нораваў затрымала за тое, што яна нібыта насіла хіджаб «няправільна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране ўлады пакаралі сьмерцю яшчэ двух удзельнікаў восеньскіх пратэстаўПратэстныя акцыі сталі самымі буйнымі з часоў рэвалюцыі 1979 году — яны ахапілі 160 гарадоў ва ўсіх правінцыях краіны. Паводле ацэнак праваабаронцаў, як мінімум 470 пратэстантаў ужо былі забітыя, каля 18 тысячаў арыштаваныя. А цяпер рэпрэсіўны апарат помсціць тым, хто расказваў пра пратэсты ці спачуваў ахвярам. Як паведамляюць назіральнікі арганізацыі «Правы чалавека ў Іране» (Iran Human Rights), 62 журналісты знаходзяцца зараз у Іране за кратамі.
Мілад Алаві, які працаваў на добра вядомую ў Іране штодзённую газету Shargh, знаходзіцца зараз у камэры ў той жа турме, што і іранскі сацыёляг Саід Мадані. Як паведамляла ў канцы сьнежня ўсё тая ж Shargh, навукоўца неаднаразова наведвалі ў зьняволеньні высокапастаўленыя чыноўнікі аднаго зь іранскіх міністэрстваў. «Яны хацелі атрымаць ад яго рэкамэндацыі, якім чынам пагасіць хвалю незадаволенасьці ў краіне», — распавёў у інтэрвію выданьню адвакат Мадані. Спыніць гвалт і падумаць аб захаваньні правоў дэманстрантаў, цытуе газэта адказ сацыёляга.
У выніку 61-гадоваму нвукоўцу далі 9 гадоў зьняволеньня — за «прапаганду супраць Ісламскай Рэспублікі Іран», як напісана ў прысудзе. Распаўсюджваньне яго кніг было забаронена яшчэ раней. У сваіх кнігах Мадані заклікаў іранскае грамадзтва да салідарнасьці і гатоўнасьці адстойваць свае перакананьні. Цяпер менавіта за гэта перасьледуюць яго і шэраг яго калег. Напрыклад, унівэрсытэцкага прафэсара Фаршыда Нарузі. 2 студзеня ён паведаміў у Інстаграме, што з унівэрсытэту яго звольнілі. Прычына: ён адмовіўся перадаваць паліцыі імёны студэнтаў, якія з салідарнасьці з пратэстоўцамі байкатавалі заняткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў Іране: больш за 400 загінулых. Тэгеран кажа аб правакацыяхІранскія адвакаты за кратамі
У турме аказаліся і некалькі адвакатаў, якія спрабавалі абараняць правы ўдзельнікаў пратэстаў, распавёў DW Саід Дегхан. Праваабаронца і юрыст ужо некалькі месяцаў знаходзіцца ў Канадзе і спрабуе стварыць праваабарончую сетку, якая б з-за мяжы дапамагала пацярпелым іранцам.
«Мы дакумэнтуем сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека ў Іране, фіксуем імёны судзьдзяў, якія выносяць несправядлівыя прысуды, — кажа Дэгхан. — Мы таксама падтрымліваем кантакт з незалежнай камісіяй, створанай Радай па правах чалавека ААН з мэтай супрацьдзеяньня беспакаранасьці пры падаўленьні пратэстаў у Іране».
Галоўная мэта гэтай камісіі — спыніць выкананьне ў краіне сьмяротных прысудаў. Бо як паведаміла 3 студзеня Iran Human Rights Activists News Agency (HRANA), больш за палову пакараньняў сьмерцю праходзяць у Іране таемна.
Па дадзеных HRANA, летась у краіне былі пакараныя 565 чалавек, зь іх двое — з-за ўдзелу ў цяперашніх масавых пратэстах. Яшчэ дваіх пакаралі сьмерцю ў пачатку студзеня. Зараз яшчэ 26 дэманстрантам пагражае сьмяротнае пакараньне: падчас паказальных працэсаў 14 зь іх ужо прысудзілі да вышэйшай меры пакараньня, а абвінавачваньне астатнім 15-ці — напрыклад, «вайна супраць Бога» — таксама верагодна будзе клясыфікаванае судзьдзямі па гэтым жа артыкуле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць афіцыйных асоб Ірану за разгон пратэстаў«Вайна супраць Бога»
А вось прыклад пісьменьніка і мастака Мехдзі Бахмана. Пасьля інтэрвію ізраільскаму тэлебачаньню ён быў прысуджаны судом у Тэгеране да сьмяротнага пакараньня. Бахман, які ўжо шмат гадоў заклікае да дыялёгу рэлігіяў, у інтэрвію выказаўся за наладжваньне адносінаў паміж Іранам і Ізраілем — пры тым, што ўлады ў Тэгеране лічаць ізраільцян сваімі зацятымі ворагамі і ўжо пагражалі ўвогуле зьнішчыць дзяржаву Ізраіль.
У падобных выпадках іранскае правасудзьдзе выносіць прысуды на падставе абвінавачаньняў у шпіянажы. Так было і з Бахманам. У кастрычніку 2022 года Бахман быў арыштаваны і нават без прадастаўленьня яму адваката асуджаны на сьмяротнае пакараньне.
Сьмяротнае пакараньне таксама пагражае двум журналісткам — Нілуфару Хамэдзі і Элаэ Махамадзі, — яны першымі напісалі аб гібелі ў верасьні Махсы Аміні. Улады Ірана абвінавацілі іх у дзяржаўнай здрадзе і працы на спэцслужбы ЗША.
А футбаліста Аміра Рэза Наср Азадані за ўдзел у антыўрадавых пратэстах прыгаварылі да 26 гадоў турмы. Азадані абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве трох паліцыянтаў, а таксама ва ўдзеле ў змове з мэтай парушэньня грамадзкай бясьпекі і сяброўстве ў незаконных групоўках.
У сярэдзіне сьнежня выданьне IranWire паведаміла, што ўлады Ірана ўключылі Азадані ў сьпіс асуджаных на сьмяротную кару. У сувязі з гэтым Міжнародная фэдэрацыя асацыяцыяў прафэсійных футбалістаў заявіла пратэст іранскім уладам, заклікаўшы іх адмяніць гэтае пакараньне для спартоўца.