За некалькі дзён да выбараў прэзыдэнта Чэхіі суд у Празе апраўдаў кандыдата-мільярдэра, якога вінавацілі ў махлярстве

Андрэй Бабіш

Суд у Празе вынес апраўдальны прысуд у дачыненьні да былога прэм’ер-міністра Чэхіі, кандыдата ў прэзыдэнты краіны на маючых адбыцца на гэтым тыдні выбарах Андрэя Бабіша.

Па словах судзьдзі, у дзеяньнях Бабіша не было знойдзена складу злачынства. Дзяржабвінавачаньне мае права падаць апэляцыю.

Бабіша абвінавачвалі ў махлярстве з субсыдыямі Эўразьвязу на суму ў 2 млн эўра. Па вэрсіі абвінавачаньня, Бабіш незаконна выкарыстаў субсыдыі для будаўніцтва ўласнага канфэрэнц-цэнтру з гатэлем у навакольлях Прагі. Абвінавачаньне сьцьвярджала, што Бабіш — мільярдэр і ўладальнік буйных прадпрыемстваў, хаваў той факт, што зьяўляецца фактычным уласьнікам гатэлю, каб выкарыстоўваць субсыдыі ЭЗ, прызначаныя толькі для малога бізнэсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-прэм’ер Чэхіі Бабіш заявіў, што будзе балятавацца ў прэзыдэнты. Цяперашні прэм’ер лічыць, што Бабіш уцякае ад крымінальнай адказнасьці

Экс-прэмʼер на судзе прызнаў, што выкарыстоўваў тую схему, пра якую казала абвінавачаньне, але настойваў на тым, што яна не парушала закон. На думку Бабіша, яго перасьлед, які пачаўся, калі ён яшчэ быў прэмʼер-міністрам, носіць палітычны характар.

Дзяржабвінавачаньне прасіла прыгаварыць Бабіша да ўмоўнага тэрміну і штрафу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы прэм’ер-міністар Чэхіі Бабіш паўстаў перад судом

Андрэй Бабіш — дэпутат парлямэнту і кіраўнік найбуйнейшай апазыцыйнай партыі ANO. З 2017 па 2021 год займаў пасаду кіраўніка ўрада. У 2021 годзе яго партыя, хаця і заняла па выніках выбараў першае месца па колькасьці дэпутатаў у парлямэнце, не змагла стварыць кааліцыю і апынулася ў апазыцыі.

Бабіш вылучыў сваю кандыдатуру на выбары прэзыдэнта Чэхіі. Першы тур адбудзецца 13-14 студзеня. Паводле апытаньняў, Бабіш прэтэндуе на выхад у другі тур, яго асноўныя супернікі — адстаўны генэрал Пётр Павел, прыхільнік жорсткай лініі ў адносінах да Расеі, і эканамістка Данушы Нярудава.