Каб уратаваць дзікіх птушак, 5 гектараў зямлі на Палесьсі ператвораць у зону без гаспадарчай дзейнасьці

Палесьсе. Ілюстрацыйны здымак

У Пінскім раёне ўзялі пад ахову месца расьсяленьня чорнага бусла. Такое рашэньне прыняў Пінскі райвыканкам.

На тэрыторыі раёну ў адным з кварталаў Ласіцкага лясьніцтва навукоўцы выявілі месца пасяленьня дзікай жывёлы — чорнага бусла. Гэтая птушка ўключаная ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 году.

Згодна з законам арэал пражываньня чорнага бусла ўзяты пад ахову. У прыватнасьці, забараняецца тут сячы дрэвы, пасьвіць жывёлу, весьці мэліярацыйныя работы, шукаць і распрацоўваць радовішчы карысных выкапняў.

Чорны бусел

Чорны бусел вельмі асьцярожны. Гэтыя птушкі выбіраюць для гнездаваньня цяжкадаступныя месцы. На тэрыторыі Берасьцейскай вобласьці жыве каля 344 пар чорнага бусла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікі і рабочыя дзяржкампаній адной з абласьцей гадамі выплачвалі сабе прэміі ні за што