БелТА са спасылкай на высновы сьледзтва паведамляе, што Паўла Белавуса вінавацяць у здрадзе дзяржаве i кіраваньні экстрэмісцкім фармаваньнем.
«Пад выглядам культурна-гістарычнага разьвіцьця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх зьяўлялася зьмена дзяржаўнай улады ў Беларусі. Абвінавачаны зарэгістраваўся ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка і заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасьцю (крама па онлайн- і офлайн-продажы тавараў), пасьля чаго пачаў праводзіць розныя масавыя імпрэзы», — паведаміў начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Сяргей Паско.
Белавус падпісаў ня менш як 12 дамоваў з рознымі замежнымі прадстаўнікамі і кампаніямі, гаворыцца ў матэрыялах сьледзтва.
«Было ўстаноўлена, што абвінавачаны ў інтарэсах замежных арганізацый для больш хуткай зьмены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасьць суайчыньнікаў у адносінах да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяньнямі Павел Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу зьнешнюю і ўнутраную бясьпеку дзяржавы. За гэта ён атрымаў ад замежных спонсараў больш за $150 тыс., 50 тыс. эўра і 40 тыс. злотых», — гаворыцца ў абвінавачаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праўладны канал паведамляе пра крымінальную справу па «экстрэмісцкім» артыкуле супраць заснавальніка symbal.by БелавусаХто такі Павал Белавус
Павал нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся на геаграфічным факультэце ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце.
«Хоць і вучыўся на геафаку, хацеў стаць журналістам. Я паступаў туды, бо добра ведаў беларускую мову, матэматыку, і мне патрэбен быў трэці прадмет. І я такі: „О, геаграфія! Паеду паступаць на геафак“. Але з другога курсу я пачаў пісаць, больш працаваў у журналісцкай сфэры. Дзякуючы геафаку, што я вучыўся ў Берасьці, я пазнаёміўся зь „Дзедзічам“, які зацягнуў мяне ў актывізм», — расказваў пра сябе Павал.
(«Дзедзіч» — агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця. Грамадзкая адукацыйная, інфармацыйная і культурная пляцоўка. — РС).
Разам зь сябрамі заснаваў «Арт Сядзібу»
У 2011 годзе Павал Белавус разам зь сябрамі стварылі інфармацыйна-асьветніцкую арганізацыю «Арт Сядзіба». Праз канцэрты, лекцыі і забаўляльныя імпрэзы, якія рабіла «Арт Сядзіба», да беларушчыны масава далучалася моладзь па ўсёй краіне.
Зрабіў вышыванкі ізноў моднымі, папулярызаваў беларускую культуру
Пазьней Павал стварыў краму Symbal.by, якая папулярызавала рэчы і зьявы, зьвязаныя зь беларускай мовай, культурай і гісторыяй. Вясной і летам 2020-га крама шыла вялікія партыі засьцерагальных масак і перадавала іх мэдыкам па ўсёй краіне. На пачатку сакавіка 2021-га краму празь ціск уладаў закрылі.
У 2020 годзе Павал стварыў грамадзкую кампанію «Годна», якая прасоўвае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі. У ёй каманды маладых людзей стваралі культурныя і гістарычныя праекты.
Павал мае жонку Кацярыну і дваіх малых дзетак: Соф’ю і Мірона.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі забіраюць сьцяг, мы падымаем мову». Што сказаў Павал Белавус у інтэрвію перад затрыманьнем. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Культурніцкая пляцоўка «Арт Сядзіба» паведаміла, што спыняе сваю дзейнасьць пасьля 10 гадоў існаваньня