Часопіс у Расеі раскрыў зьвесткі аб колькасьці штату і структуры КДБ Беларусі

Будынак КДБ у Менску. Ілюстрацыйнае фота

У сьнежні 2022 году выйшаў першы нумар штоквартальнага часопіса «Разведчик», створанага па ініцыятыве савету вэтэранаў Службы зьнешняй выведкі (СВР) Расейскай Фэдэрацыі. Як заўважыла Zerkalo, у адным з артыкулаў часопіса расказваецца пра КДБ Беларусі.

У матэрыяле часопіса «Разведчик» гаворыцца, што агульная колькасьць супрацоўнікаў КДБ Рэспублікі Беларусь не перавышае 10 тысяч чалавек, што замежныя сувязі КДБ Рэспублікі Беларусь увесь час пашыраюцца: на пачатак 2022 года падтрымліваўся кантакт з 46 замежнымі спэцслужбамі.

Раней дадзеныя аб колькасьці супрацоўнікаў КДБ нідзе не прыводзіліся, гэтая інфармацыя засакрэчаная, афіцыйна пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць яе немагчыма.

У часопісе таксама расказалі аб структуры КДБ Беларусі, сярод іншага паведамілі, што асноўнымі падразьдзяленьнямі ведамства зьяўляюцца:

  • Галоўнае ўпраўленьне контравыведкі;
  • Галоўнае ўпраўленьне замежнай выведкі;
  • Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю;
  • Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам;
  • Упраўленьне міжнароднага супрацоўніцтва;
  • тэрытарыяльныя падразьдзяленьні (шэсьць упраўленьняў па абласьцях).

Афіцыйна пацьвердзіць гэтую інфармацыю таксама немагчыма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракоп’еў пра акно магчымасьцяў у выпадку ўдзелу Беларусі ў вайне, умовы для «абмену палоннымі» і рахункі для палітвязьняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці арыштуе Тэртэль Лукашэнку