Уладзь Лабковіч дрэнна сябе адчувае
На пачатку судовага пасяджэньня 10 студзеня падсудны Ўладзь Лабковіч заявіў хадайніцтва аб перапынку ў судовым пасяджэньні ў сувязі з дрэнным самаадчуваньнем, паведамляе «Вясна».
Судзьдзя Марына Запасьнік, зьвязаўшыся з супрацоўнікамі СІЗА, вырашыла, што Лабковіч у стане ўдзельнічаць у працэсе. Судовае пасяджэньне працягнулася. У лістах на волю Лабковіч раней скардзіўся на пагаршэньне здароўя, пастаянныя галаўныя болі, бяссоньніцу і пагаршэньне зроку.
На судзе праваабаронцаў «Вясны» працягваюць утрымліваць у залі суду ў клетцы ў кайданках. Валянцін Стэфановіч зноў запатрабаваў зьняць з праваабаронцаў кайданкі. Але судзьдзя зноў ня стала разглядаць гэтае хадайніцтва, спаслаўшыся на тое, што тут «падмяняюцца паняцьці меры бясьпекі і меры абароны» і гэтае пытаньне знаходзіцца ў кампэтэнцыі канваіраў.
Калі зь вясноўцаў чарговы раз адмовіліся зьняць кайданкі, Стэфановіч заявіў адвод суду, бо ён парушае іх правы. Запасьнік адхіліла гэтае хадайніцтва.
Алесь Бяляцкі на судзе прапанаваў памяняцца з пракурорам Аляксандрам Каралём прыладамі для пісьма, бо яны ў няроўных умовах — у пракурора ноўтбук і ручка, а ў праваабаронцаў толькі стрыжань.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Human Rights Watch запатрабавала зьняць абвінавачаньні з праваабаронцаў «Вясны»Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі і ягоныя калегі-праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 году — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня. Зьмітра Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой, судзяць завочна, ягоныя інтарэсы прадстаўляе прызначаны сьледзтвам адвакат.
Праваабаронцаў абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).
Справу вясноўцаў у судзе Ленінскага раёну Менску разглядае судзьдзя Марына Запасьнік.
5 студзеня, падчас першага судовага паседжаньня, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч не прызналі віны па ніводным з артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія ім ставяцца ў віну. Абвінавачаньні ім зачытвалі амаль дзьве гадзіны.
5 студзеня пасьля суду па «справе Вясны» затрымалі расейскую журналістку, супрацоўніцу расейскай праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял» Кацярыну Яньшыну. Яна прыехала ў Беларусь на суд як незалежная назіральніца. Яньшынай прысудзілі 15 дзён арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «60-гадовы нобэлеўскі ляўрэат у клетцы ў кайданках». Як сусьветныя СМІ пішуць пра «суд» над Бяляцкім і паплечнікамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля суду па «справе Вясны» затрымалі расейскую праваабаронцу — ёй прысудзілі 15 дзён арышту