Міністар культуры Літвы Сіманас Кайрыс сказаў, што падчас вайны ва Ўкраіне «трэба адпачыць» ад твораў расейскай культуры. На яго думку, у будучыні запатрабаванасьць гэтай культуры зьменшыцца, паколькі ўсё менш моладзі валодае расейскай, сказаў ён у інтэрвію tv3.lt, якое прыводзіць Delfi.lt.
У рэпэртуарах літоўскіх тэатраў яшчэ ёсьць расейскія творы, напрыклад у Віленскім Малым тэатры паказваюць «Дядю Ваню» Антона Чэхава, у Нацыянальным тэатры опэры і балету — балет Сяргея Пракоф’ева «Ромео и Джульетта», да Новага году паказвалі і «Щелкунчика».
«Ідзе вайна, тут наша роля павінна быць актыўнай», — сказаў Кайрыс.
Як быць з расейскай культурай, паводле яго слоў, выдатна растлумачыла пісьменьніца Крысьціна Сабаляўскайтэ.
«Яна казала пра „карантын буйных клясыкаў“, Чайкоўскага і іншых. Аднак мы не гаворым аб тым, што трэба сьціраць ноты, ірваць, паліць кнігі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія адмовілася ад дзяржаўнай падтрымкі расейскамоўных СМІМіністар лічыць, што ў будучыні гэта пытаньне страціць актуальнасьць у Літве, з натуральных прычын, у тым ліку праз тое, што літоўская моладзь, як правіла, не валодае расейскай.
«Мы ўжо мусім выйсьці з той фазы, калі думаем, што рабіць з расейскай культурай, яе знакамітымі прадстаўнікамі. Гэтае пытаньне ня мае значэньня. Чым больш мы надаём гэтаму ўвагі, тым больш, самі таго не жадаючы, будзем карміць расейскую прапаганду», — дадаў міністар.
Паводле яго слоў, летась прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб гуманітарнай палітыцы ў замежных краінах.
«У гэтай канцэпцыі названы ўсе імёны, якія маюць вялікае значэньне для гісторыі культуры, той жа Чайкоўскі і г.д. Што гэтыя творцы — тая база, тое апірышча, на якім стаіць «русский мир», — заўважыў Кайрыс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Гаруноў: «Пераканаць расейскую эліту ў самастойнасьці Ўкраіны і Беларусі немагчыма»Міністар згодны з тым, што такое рашэньне несумленнае, паколькі творы некаторых расейскіх клясыкаў больш каштоўныя за функцыю, якой іх надзяляе крамлёўская прапаганда.
«Але разумеючы, што культуру выкарыстоўваюць як зброю, мы павінны мець гэты імунітэт. Я веру ў сталасьць нашага грамадзтва і сэктары культуры, на нас не нападуць у мэнтальным пляне. Я кажу не пра зброю, якая страляе, а пра зброю ў культурным кантэксьце», — сказаў Кайрыс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма альфабэту з „Ў“? Ды самі зробім!». Беларусы раяць, як выхоўваць дзіця па-беларуску