У Іране пасьля вось гэтых карыкатур Charlie Hebdo на аяталу зачынілі Францускі інстытут

Аятала Алі Хамэнэі

У Тэгеране рашэньнем уладаў зачынены Францускі дасьледчы інстытут. Гэта стала рэакцыяй на карыкатуры пра рэлігійнага лідэра Ірана Алі Хамэнэі, апублікаваныя ў францускім гумарыстычным часопісе Charlie Hebdo.

Іранскія ўлады абвінавацілі Францыю ў блюзьнерстве і заявілі, што перагледзяць сваё стаўленьне да культурнага супрацоўніцтва з Францыяй. Амбасадар Францыі ў Тэгеране выкліканы ў іранскі МЗС.

Часопіс Charlie Hebdo, вядомы зьедлівай сатырай на палітычныя тэмы, у сьнежні абвясьціў сярод чытачоў конкурс карыкатур на аяталу Хамэнэі. Рэдакцыя дадала, што робіць гэта ў падтрымку іранцаў, якія змагаюцца за свабоду, і хоча «засьмяяць гэтага рэлігійнага лідэра зь іншай эпохі, каб адправіць яго на звалку гісторыі».

4 студзеня ў новым нумары часопіса былі апублікаваныя малюнкі пераможцаў конкурсу. Сярод аўтараў былі і іранскія грамадзяне, і людзі іранскага паходжаньня, якія жывуць у іншых краінах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў Іране: больш за 400 загінулых. Тэгеран кажа аб правакацыях

Публікацыя выклікала гнеў у іранскіх уладаў. Прадстаўнік МЗС Ірану Насэр Канаані заявіў, што Францыя ня мае права абражаць нацыянальныя і рэлігійныя каштоўнасьці мусульманаў на падставе свабоды самавыяўленьня. МЗС таксама заявіў, што закрыцьцё Францускага інстытуту — толькі «першы крок», які Іран робіць у адказ на публікацыю ў Charlie Hebdo, і што гэтая публікацыя была інсьпіраваная сіяністамі.

Францускі гумарыстычны часопіс Charlie Hebdo выходзіць з 1970 году. Ён вядомы сваімі жорсткімі карыкатурамі на грамадзка-палітычную тэматыку. 7 студзеня 2015 году ў выніку нападу на рэдакцыю часопіса загінулі 12 чалавек, у тым ліку яго вядомыя аўтары. Напад учынілі радыкальныя ісламісты, асноўным матывам стала незадаволенасьць карыкатурамі на прарока Мухамада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Швэцыі ў ДТЗ загінуў аўтар карыкатур на прарока Мухамэда