Ці будзе «Вясна» бараніць Лукашэнку, мэтады ціску з боку КДБ, значнасьць Васіля Быкава і беларускай мовы. 10 цытатаў Алеся Бяляцкага

Алесь Бяляцкі, красавік 2016

У Менску адбываецца суд над старшынём Праваабарончага цэнтру «Вясна», ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім, ягоным намесьнікам Валянцінам Стэфановічам і каардынатарам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімерам Лабковічам.
Голас Алеся Бяляцкага некалькі дзесяцігодзьдзяў гучаў на хвалях Радыё Свабода ў абарону дэмакратычных каштоўнасьцяў у Беларусі.

Напярэдадні цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі Натальля Пінчук, жонка Алеся, атрымала асобнік кнігі «Алесь Бяляцкі на Свабодзе», якая выйшла ў кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». Аўтарытэтны праваабаронца, палітычны вязень, гісторык беларускай літаратуры, адзін з пачынальнікаў моладзевага нацыянальна-незалежніцкага руху 1980-х — Алесь Бяляцкі выяўляецца ў гэтай кнізе ў інтэрвію, дыскусіях і рэпартажах Свабоды, у ацэнках беларусаў і замежных палітыкаў і праваабаронцаў.


Спампаваць кнігу можна тут.

Публікуем некаторыя выказваньні Алеся Бяляцкага розных гадоў.

«Будзем настойваць на справядлівым разьбіральніцтве ва ўсіх справах, якія нарабіў Лукашэнка»

«Ці будзе „Вясна“ бараніць Лукашэнку, калі зьменіцца рэжым? Я, шчыра кажучы, задумаўся над гэтым пытаньнем, пакуль ішоў наш дыялёг, і прыйшоў да такой высновы: бараніць мы яго, мабыць, ня будзем, але мы будзем настойваць на справядлівым і адкрытым разьбіральніцтве ва ўсіх справах, якія ён нарабіў за гэтыя апошнія пяць гадоў. І гэта таксама, я думаю, ёсьць праваабарончая функцыя праваабарончых арганізацыяў».

(Дыскусія на Радыё Свабода, чэрвень 2000).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «60-гадовы нобэлеўскі ляўрэат у клетцы ў кайданках». Як сусьветныя СМІ пішуць пра «суд» над Бяляцкім і паплечнікамі

«У КДБ пагражаюць, што ты прападзеш канчаткова»

«...Практыка псыхалягічнага ўзьдзеяньня на затрыманых людзей з боку КДБ праяўляецца такім чынам і ня кожны можа гэта вытрымаць, калі ён раней не трапляў у падобныя сытуацыі. Асабліва калі гэта людзі з кабінэтных работнікаў, інтэлігенцыя. Прапануюцца розныя варыянты выхаду з сытуацыі, пагражаюць, што ты прападзеш канчаткова, і ўсё гэта ідзе на працягу некалькіх гадзінаў. Людзі проста „плывуць“. Гэта псыхалягічны ціск і так яго трэба і ўспрымаць. Сьледчыя КДБ такім чынам паказваюць свой прафэсійны ўзровень. Але мне падаецца, што гэта паказвае нізасьць сёньняшняй улады, якая ідзе на такія крокі, ідзе на ўсё, каб на вачах усяго грамадзтва зламаць людзей.

(інтэрвію Радыё Свабода, сьнежань 2010)

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага і іншых лідэраў «Вясны». Яны не прызналі віны. ФОТА, ВІДЭА

«Быкаў аб’ектыўна абесьсьмяротніў беларусаў»

«... Я яшчэ раз адчуў і ўсьвядоміў сабе — што значыць для беларусаў Васіль Быкаў. Вялікі чалавек, адзін з бацькоў беларускай нацыі, геніяльны пісьменьнік, які ўзьняў пытаньні быцьця і існаваньня беларускага народу на пазазямны, усяленскі ўзровень. Можа, ня столькі дзеля значнасьці беларусаў, якіх ён і пакутліва любіў, і шкадаваў, лічыў «самым занядбаным народам у Эўропе, да якога мы маем гонар ці няшчасьце належаць». Васіль Быкаў аб’ектыўна абесьсьмяротніў беларусаў, незалежна ад стаўленьня да гэтага іншых народаў і, урэшце, асабліва не зьвяртаючы ўвагі на жаданьні саміх беларусаў. Ён стварыў узор беларускага характару, архетып беларуса, па якім мы яшчэ доўга будзем вымяраць і свой народ і саміх сябе».

(Зь ліста з Бабруйскай калёніі, чэрвень 2013).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні насупраць беларускай амбасады адкрылі мурал з выявай Алеся Бяляцкага. ФОТА

«Мы павінны быць актыўнымі»

«Проста так нічога не даецца, і проста так у нас нічога ня будзе. Калі мы хочам, каб наша жыцьцё было лепшым, каб мы выбраліся з таго балота, у якім знаходзіцца Беларусь вось ужо 20 год, то мы павінны быць актыўнымі і не баяцца тых рэпрэсіяў і ціску, які аказваецца на грамадзянскую супольнасьць і канкрэтна на кожнага чалавека. Вось з гэтым пачуваньнем, за што я сяджу, мне сядзелася, трэба сказаць, вельмі лёгка — унутрана. І, безумоўна, другі момант — гэта вялізная падтрымка, ваша падтрымка. Я вельмі ўдзячны тысячам людзей, дзясяткам тысяч, якія падтрымлівалі мяне ў гэтай сытуацыі. Гэта была магутная абарона, браня, якую не маглі прабіць ніякія правакацыі, ніякі ўціск».

(З прэсавай канфэрэнцыі пасьля вызваленьня, чэрвень 2014).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Творы беларускага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Бяляцкага пераклалі на восем замежных моваў

«Рэзкія зьмены і пераломы прыводзяць да вялікіх выдаткаў»

«Мы не жывем на асобнай ізаляванай высьпе. Сьвет мяняецца, і мусім мяняцца мы. Мы ня можам жыць закансэрваванымі ў слоіку 20–30 гадоў. Хацелася б, каб гэтыя зьмены адбываліся павольным і эвалюцыйным чынам. Бо рэзкія зьмены і пераломы прыводзяць да вялікіх выдаткаў. Як праваабаронца я прынцыпова выступаю за тое, што нам патрэбна масавая грамадзянская пазыцыя, грамадзянскі мірны супраціў, які прывёў бы да нармальных зьменаў у грамадзтве. І гэта той шлях, які робіць гэтыя зьмены незваротнымі. Тады не адбываецца адкату назад. А дзеля гэтага трэба працаваць усім нам, і працаваць не адзін год і багата».

(З прэсавай канфэрэнцыі пасьля вызваленьня, чэрвень 2014).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Нобэль для Алеся Бяляцкага важнейшы, чым многім здаецца

«У турме ідзе сапраўдная барацьба, калі ты змагаесься з сыстэмай»

«Турма, сапраўды, гэта цяжкае выпрабаваньне для нашых палітычных вязьняў, бо там аказваюцца розныя сродкі ўплыву, ціску на кожнага індывідуальна, на тых людзей, якія сядзяць за палітычныя перакананьні. Там ідзе сапраўдная барацьба, калі ты змагаесься з сыстэмай калёніі, Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, якія, натуральна, атрымліваюць інструкцыі з больш высокіх кабінэтаў».

(Інтэрвію Радыё Свабода, жнівень 2014).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зараз у турме ўся Беларусь». Поўны тэкст Нобэлеўскай лекцыі Алеся Бяляцкага, якую ў Осла прачытала ягоная жонка Натальля Пінчук

«Чалавек, які гаворыць па-беларуску, сьпявае па-беларуску, вучыць сваіх дзетак па-беларуску, гэта адназначна праэўрапейскі чалавек»

«Парадаксальная сытуацыя, але беларуская культура на сёньняшні дзень адназначна атаясамліваецца з эўрапейскай культурай і гэта надзвычай важны момант, які яе адрозьнівае ад таго, што было гадоў трыццаць таму. Сёньня чалавек, які гаворыць па-беларуску, сьпявае па-беларуску, вучыць сваіх дзетак па-беларуску, гэта адназначна праэўрапейскі чалавек, гэта эўрапеец. І мы павінны таксама разумець вось гэта і прыкладаць усе намаганьні для падтрымкі разьвіцьця любых беларускіх ініцыятываў у Беларусі на сёньняшні дзень. Сапраўды можа быць яны не маюць такой актуальнасьці палітычнай, але тое, што яны закладаюць падмурак для існаваньня незалежнай Беларусі, беларусаў, як народа, на будучыню, на пэрспэктыву, гэта безумоўна».

(Інтэрвію Радыё Свабода, жнівень 2014).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэсьць супярэчлівых думак пасьля Нобэлеўскай цырымоніі ў Осла ад карэспандэнта Свабоды

«Мы знаходзімся ў стане пастаяннай барацьбы»

«... У краінах з таталітарнымі рэжымамі адносіны да праваабаронцаў варожыя — як у Казахстане ці Беларусі, дзе дзесяцігодзьдзямі кіруюць адны і тыя ж людзі і дзе выбудаваныя схемы постсавецкіх таталітарных рэжымаў. Да праваабаронцаў прымяняюць рэпрэсіўныя мэтады — праз суды, праз пракуратуру, праз падатковыя органы. Мы знаходзімся ў стане пастаяннай барацьбы і пэрманэнтнага недаверу з боку ўлады».

(Інтэрвію Радыё Свабода, кастрычнік 2016).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкі — гэта і ёсьць Беларусь. Уражаньні ад нобэлеўскай лекцыі

«Сілавікам далі прамы загад катаваць»

«Несумненна, сілавікі атрымалі картблянш. Ідуць проста нечуваныя зьдзекі, катаваньні — асабліва ў месцах зьняволеньня на Акрэсьціна, у цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў, ізалятарах часовага ўтрыманьня. Б’юць, трымаюць у перапоўненых камэрах. Пры паступленьні ці вось цяпер, калі паступова пачалі выпускаць, зьбіваюць да страты прытомнасьці. Гэтым займаюцца спэцпадразьдзяленьні — АМАП, унутраныя войскі. Ім далі прамы загад катаваць».

(Інтэрвію Радыё Свабода, жнівень 2020).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ня выпусьцілі Бяляцкага? Парада Сьвятлане Алексіевіч

«Да вызваленьня можа прывесьці толькі прыцягненьне ўвагі»

«Ёсьць пэўныя крытэры, па якіх чалавека прызнаюць палітычным зьняволеным. Багата па якіх справах нам не хапае інфармацыі. Пра нейкія працэсы мы даведваемся ўжо тады, калі яны скончыліся. Сваякі і знаёмыя абвінавачаных не даюць інфармацыі, баяцца. Гэта вельмі кепска, мы заклікаем людзей расказваць пра любыя справы, зьвязаныя з палітычным перасьледам. Гэта ні ў якім выпадку не нашкодзіць самім падазраваным і абвінавачаным. Наадварот, да іх вызваленьня можа прывесьці толькі прыцягненьне ўвагі».

(Інтэрвію Радыё Свабода, люты 2021).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла кніга «Алесь Бяляцкі на Свабодзе». Электронная вэрсія