Перад першым пасяджэньням суду над праваабаронцамі «Вясны» — нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам — беларускія прапагандысты засыпалі пытаньнямі дыпляматаў, паведамляе «Медиазона Беларусь».
Вядучы тэлеканалу «СТВ» Рыгор Азаронак, як звычайна прынята ў дзяржаўных прапагандыстаў, чапляўся да замежных дыпляматаў, якія хацелі прысутнічаць на судзе над нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім і яго паплечнікамі.
Адна з жанчын умяшалася ў гэтую размову і абвінаваціла дзяржаўных прапагандыстаў у падтрымцы тэрору. На настойлівае пытаньне Азаронка, які тэрор яны падтрымліваюць, жанчына адказала: «Тэрор — гэта Азаронак», паведамляе «Наша ніва».
Пасьля беспасьпяховых спробаў Азаронка маральна прынізіць жанчыну ён пажадаў ёй «добрага дня», на што яна ў адказ пажадала яму кепскага дня і выказала ўпэўненасьць, што ўсё кепскае ў яго наперадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Думаю, будзе пацешны суд, такое шапіто». У Менску судзяць нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага і праваабаронцаў «Вясны»Супрацоўніца «СБ. Беларусь сегодня» Людміла Гладкая вырашыла зрабіць агляд на хадайніцтвы, якія падсудныя праваабаронцы заяўлялі ў судзе.
На яе думку, яны «звычайна размаўляюць толькі па-расейску, а ў судзе раптам уключылі дурня» і папрасілі перакладчыка на беларускую. Гладкая зрабіла рэпост з праўладнага тэлеграм-канала «Зямля наша», дзе хадайніцтва праваабаронцаў аб вядзеньні працэсу па-беларуску называюць «моўным фрык-шоў», піша «Медиазона Беларусь».
Праваабарончы цэнтар «Вясна» пісаў, што прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу, якія хацелі прыйсьці на паседжаньне ў якасьці слухачоў, у суд не пусьцілі. З гэтай фармулёўкай не пагадзілася Людміла Гладкая. Яна сьцвярджала, што дыпляматы ўвайсьці ў будынак «нават не спрабавалі», а проста «сфоткаліся, і па машынах».
Асаблівую ўвагу прапагандысты ўдзялілі часовай паверанай у справах ЭЗ у Беларусі Эвэліне Шульц. Яны гаварылі пра павераную ў трэцяй асобе, называючы яе «таталітарнай» і «ўнутрана заціснутай», бо яна адмаўлялася зь імі гаварыць.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.