Падобныя вучэньні праводзяць другі раз за апошні месяц. Прадугледжана выкарыстаньне вайсковай тэхнікі.
Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі паведаміў, што з 5 студзеня пачалася праверка гатоўнасьці дзяржаўных органаў рэагаваць на акты тэрарызму.
Вучэньні праходзяць у Менскай і Віцебскай абласьцях, паведаміла БелТА.
У вучэньнях, апроч падразьдзелаў КДБ, бяруць удзел прадстаўнікі МУС, Дзяржаўнага памежнага камітэту, Узброеных сіл, Міністэрства надзвычайных сытуацый і іншых дзяржорганаў.
«Сцэнар прадугледжвае выкарыстаньне вайсковай тэхнікі», — заявілі ў КДБ.
Месяц таму ўжо праходзіла праверка гатоўнасьці дзяржаўных органаў рэагаваць на тэракты. Яна праводзілася пад кіраўніцтвам Савету бясьпекі 7-8 сьнежня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сустрэўся на палігоне з расейскімі салдатамі: «Робім агульную справу»