Аляксандру Лукашэнку далажылі аб «завяршэньні баявога зладжваньня частак і злучэньняў рэгіянальнай групоўкі войскаў», паведаміла ягоная прэс-служба.
«Злучэньні Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі сумесна з падразьдзяленьнямі Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь на палігонах Рэспублікі Беларусь правялі вучэньні, камандна-штабныя трэніроўкі ў рамках правядзеньня трэнінгу саюзных сіл», — далажыў Лукашэнку неназваны прадстаўнік расейскіх Узброеных сіл.
Паводле яго, былі праведзены сумесныя вучэньні мотастралковых і танкавых падразьдзяленьняў, спэцыяльных войскаў і СПА.
Таксама прадстаўнік Узброеных cіл РФ заявіў, што на гэтым этапе расейскія падразьдзяленьні гатовыя да выкананьня задач па прызначэньні.
«Робім агульную справу», — заявіў Лукашэнка, заслухаўшы даклад расейскага афіцэра аб завяршэньні баявога зладжваньня частак расейска-беларускай групоўкі войскаў.
Між тым у Мінабароны сёньня чарговым разам паведамілі, што «у рамках гарантаваньня ваеннай бясьпекі саюзнай дзяржавы працягваецца нарошчванне рэгіянальнай групоўкі войскаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі».
Учора ведамтва анансавала таксама сумеснае вучэньне Паветраных сіл.
6 студзеня ў Беларусь прыбыў чарговы эшалён з расейскай вайсковай тэхнікай. Гэтая тэхніка, як паведамляе Мінабароны Беларусі, уваходзіць у склад рэгіянальнай вайсковай групоўкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 студзеня ў Беларусь прыбылі адразу два эшалёны з расейскай вайсковай тэхнікай. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея нарошчвае сваю вайсковую групоўку ў Беларусі: прыбываюць новыя салдаты і тэхніка