Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі і ягоныя калегі-праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 году — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня. Зьмітра Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой, судзяць завочна, ягоныя інтарэсы прадстаўляе прызначаны сьледзтвам адвакат.
Праваабаронцаў абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).
Справу «вясноўцаў» у судзе Ленінскага раёну Менску разглядае судзьдзя Марына Запасьнік.
5 студзеня, падчас першага судовага паседжаньня Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч не прызналі віны ні па адным з артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія ім ставяцца ў віну. Абвінавачаньні ім зачытвалі амаль дзьве гадзіны.
У першы дзень разгляду справы вясноўцаў у залю дапусьцілі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ. Да будынку суду прыбылі замежныя дыпляматы, але трапіць на працэс не змаглі.
На працэсе праваабаронцы заявілі свае хадайніцтвы: запатрабавалі весьці судовы працэс на беларускай мове і зьняць кайданкі, бо гэта прыніжае іх годнасьць, пісала «Вясна».
Судзьдзя адмовілася задаволіць першае хадайніцтва (другое нават не разглядала), спаслаўшыся на дзьве дзяржаўныя мовы ў Беларусі. Пры гэтым яна дазволіла Бяляцкаму, Лабковічу і Стэфановічу працягваць гаварыць на судзе па-беларуску. Бяляцкі заявіў яшчэ адно хадайніцтва — даць перакладчыка з расейскай на беларускую. Суд гэтага хадайніцтва таксама не задаволіў.
Таксама 5 студзеня пачаўся допыт сьведак. На пытаньні суду ўжо адказаў заснавальнік і галоўны рэдактар «Народнай волі» Ёсіф Сярэдзіч, зачыталі ў тым ліку паказаньні праваабаронцы Алены Лапцёнак. Астатнія сьведкі на суд не зьявіліся. Вядома, што была заяўлена таксама галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага і іншых лідэраў «Вясны». Яны не прызналі віны. ФОТА, ВІДЭАСправа «Вясны», у якой праходзяць каля 100 сьведак, складаецца з 283 тамоў па 300 старонак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падсудны ў «справе „Вясны“» Салаўёў: «Нават у Кітаі, у М’янме нобэлеўскія ляўрэаты выходзілі на волю»