«Экстрэмістаў» знайшлі ў 1000 разоў больш, чым вырабілі верталётаў. Параўноўваем рэпрэсіўную вытворчасьць з прамысловай

Ілюстрацыйная выява

5000 крымінальных спраў за «злачынства экстрэмісцкай скіраванасьці» завялі ў Беларусі ў мінулым годзе. Параўноўваем гэтую лічбу з выпускам у прамысловасьці ды іншымі паказчыкамі.

Генэральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што за 2022 год выявілі больш за 5000 «злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасьці». Глядзім, якая вытворчасьць у Беларусі працуе лепей, рэпрэсіўная ці прамысловая.

У 3,7 раза больш, чым камбайнаў

У 2021 годзе ў Беларусі сабралі 1334 камбайны, прыкладна столькі ж іх зьбіраюць кожны год. Атрымліваецца, экстрэмістаў за год знаходзяць у 3,7 раза болей, чым зьбіраюць камбайнаў.

У 1000 разоў больш, чым верталётаў

За 2021 год у Беларусі здолелі сабраць толькі 5 верталётаў. А «экстрэмісцкіх спраў» за гэты год завялі 5000, або ў 1000 разоў болей.

У 1,5 раза больш, чым барон

3278 барон вырабілі ў Беларусі ў 2021 годзе. Спраў за экстрэмізм за мінулы год завялі ў 1,5 раза болей.

Амаль столькі ж, колькі сабралі матацыклаў

4585 матацыклаў здолелі вырабіць у Беларусі ў 2021 годзе. Экстрэмісцкіх спраў у 2022-м завялі на 415 больш.

У 16 разоў больш, чым прагулачных лодак

309 прагулачных лодак сабралі ў Беларусі ў 2021 годзе. «Экстрэмісцкіх спраў» праз год завялі ў 16 разоў болей.

У 15 разоў больш, чым касілак для газонаў

329 касілак для газонаў вырабілі ў Беларусі ў 2021 годзе. «Экстрэмістаў» праз год адшукалі ў 15 разоў болей.

Але:

Адток айцішнікаў за год — утрая болей

Па падліках партала dev.by, за студзень-лістапад 2022 году чысты адток спэцыялістаў з ІТ-сфэры склаў 15 тысяч чалавек (звольненыя мінус нанятыя), гэта ўтрая болей, чым завялі «экстрэмісцкіх» спраў за год.

Дэфіцыт мэдыкаў — у 1,2 раза болей

Згодна з агульнарэспубліканскім банкам вакансій і рэзюмэ, цяпер у Беларусі не хапае 6199 лекараў. «Экстрэмісцкіх спраў» за год сілавікі завялі ў 1,2 раза менш.

Эканоміка страціла ў 13 разоў больш супрацоўнікаў

За мінулы год беларуская эканоміка страціла 68 тысяч занятых людзей. Страты эканамічна актыўных людзей блізкія да рэкорду, вышэй было толькі ў 2012 і 2016 годзе. «Экстрэмісцкіх спраў» за гэты час завялі ў 13,6 раза меней.

На кожную «экстрэмісцкую справу» прыпадае да 3 мільёнаў 600 тысяч даляраў заблякаванага экспарту

Вялікая колькасьць крымінальных спраў і палітычныя рэпрэсіі — гэта адзін з галоўных чыньнікаў уводу санкцый супраць беларускіх уладаў. Паводле падлікаў прэм’ера Беларусі Рамана Галоўчанкі, ад санкцый сёлета беларускі экспарт быў заблякаваны на суму 16–18 мільярдаў даляраў. «Экстрэмісцкіх спраў» за год завялі ў 3 мільёны 600 тысяч разоў меней за гэтую лічбу.