Спартоўцы зь Беларусі і Расеі павінны выступаць у нэўтральным статусе — безь сьцягоў і назваў краін, заявілі ў Фэдэрацыі тэнісу Аўстраліі. Пра гэта піша аўстралійскі спартовы сайт wwos.nine.com.au.
Пасол Украіны ў Аўстраліі Васіль Мірашнічэнка заклікаў раней адхіліць тэнісістаў дзьвюх краін ад турніру «Вялікага шлема», як гэта адбылося летась на Ўімблдане, іншым прэстыжным турніры, які праводзіцца ў Вялікай Брытаніі.
«Гульцы з Расеі і Беларусі могуць удзельнічаць у міжнародных тэнісных спаборніцтвах толькі як асобныя людзі, безь сьцягоў і называньня краіны, што будзе мець месца на Australian Open 2023», — гаворыцца ў паведамленьні фэдэрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская тэнісістка Касьцюк адмовілася паціскаць руку беларусцы Азаранцы на чэмпіянаце US OpenУ рэйтынгу WTA, які падлічвае набраныя пункты і пасьпяховасьць на турнірах тэнісістак, беларуска Арына Сабаленка займае высокую 5-ю пазыцыю. Яна адзіная сярод актыўных беларускіх тэнісістаў раней падтрымала Аляксандра Лукашэнку. На Australian Open Сабаленка будзе адной з асноўных прэтэндэнтак на чэмпіёнскі тытул.
Колішняя першая ракетка сьвету Вікторыя Азаранка цяпер на 26-й пазыцыі, Аляксандра Сасновіч замыкае сьпіс 30 найлепшых.
У мужчынскім рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафэсіяналаў (АТР) самае высокае месца сярод беларусаў займае Ільля Івашка, ён на 73-м радку.
Абмежаваньні, сярод іншых, закранаюць і наймацнейшага на гэты момант тэнісіста з Расеі Данііла Мядзьведзева. Той ужо пракамэнтаваў рашэньне арганізатараў, сказаўшы, што можа толькі трымацца вызначаных правілаў і што яму прыносіць задавальненьне проста гуляць у тэніс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто вінаваты ў спартовых правалах Беларусі