Адклалі суд над журналістам Пачобутам
Суд над журналістам і сябрам Саюзу палякаў Беларусі Анджэем Пачобутам мусіў пачацца 28 лістапада. Аднак зь невядомых прычынаў працэс адклалі на 9 студзеня.
Пятага студзеня ад яго сваякоў стала вядома, што суд перанесьлі на 16 студзеня 2023 году.
Анджэя маюць судзіць у Горадзенскім абласным судзе. Судзіць журналіста мае Дзьмітры Бубенчык.
Пачобута абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК («зьдзяйсьненьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці і зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў для рэабілітацыі нацызму») і ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»).
У кастрычніку ўлады дадалі Пачобута ў «сьпіс тэрарыстаў». Ён за кратамі ўжо паўтара года. Зьняволены мае праблемы з страўнікам, у яго болі ад шмат якой ежы. Раней паведамлялі, што Пачобут моцна схуднеў, бо амаль нічога ня есьць, хіба што дыетычныя турэмныя кашы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польская газэта «Wyborcza» уключыла Марыю Калесьнікаву і Анджэя Пачобута ў сьпіс герояў году