Разгляд справы старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, ягонага намесьніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімера Лабковіча пачаўся 5 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Менску.
Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі і ягоныя калегі-праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 году — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня. Зьмітра Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой, судзяць завочна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падсудны ў «справе „Вясны“» Салаўёў: «Нават у Кітаі, у М’янме нобэлеўскія ляўрэаты выходзілі на волю»Справу вясноўцаў у судзе Ленінскага раёну Менску разглядае судзьдзя Марына Запасьнік.
Віны не прызналі
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч не прызналі віны па ніводным з артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія ім ставяцца ў віну. Абвінавачваньні ім зачытвалі амаль дзве гадзіны.
Пасьля таго як праваабаронцам зачыталі абвінавачаньні, Алесь Бяляцкі заявіў, што ён ня ў поўнай меры зразумеў тэкст, бо той быў агучаны на расейскай мове.
Судзьдзя Марына Запасьнік на гэта сказала, што гэта можна расцэньваць як зацягваньне працэсу. Бяляцкі адказаў, што гэта парушэньне яго правоў.
У 16.30 у судзе па «справе„Вясны“» абвясьцілі перапынак да 6 студзеня. Судовы працэс пачнецца заўтра ў 10.30.
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч на судзе знаходзяцца ў мэталічнай клетцы, у залю перад працэсам дапусьцілі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ. Людзей у судовай залі мала. Усіх прысутных запісалі ў асобны сьпіс.
Таксама да будынку суду прыбылі замежныя дыпляматы, але трапіць на працэс не змаглі. Прапагандысты задавалі ім правакацыйныя пытаньні, але дыпляматы пакінулі пляцоўку перад судом.
Падсудныя патрабавалі, каб працэс ішоў па-беларуску і каб зьнялі кайданкі. Ім адмовілі
На працэсе праваабаронцы заявілі свае хадайніцтвы: запатрабавалі весьці судовы працэс на беларускай мове і зьняць кайданкі, бо гэта прыніжае іх годнасьць, піша «Вясна».
Судзьдзя адмовілася задаволіць першае хадайніцтва, спаслаўшыся на дзьве дзяржаўныя мовы ў Беларусі. Другое хадайніцтва, каб зьняць у клетцы кайданкі, яна нават не разглядала.
Пры гэтым яна дазволіла Бяляцкаму, Лабковічу і Стэфановічу працягваць гаварыць на судзе па-беларуску. Бяляцкі заявіў яшчэ адно хадайніцтва — даць перакладчыка з расейскай на беларускую. Суд гэтае хадайніцтва таксама не задаволіў.
Алесь Бяляцкі напачатку суду заявіў, што пракурор Аляксандар Кароль таксама павінен выкарыстоўваць у судзе беларускую мову.
«Абвінавачаным было выстаўлена абвінавачаньне на расейскай мове. Вы можаце выкарыстоўваць любую зь дзьвюх дзяржаўных моў, суд вас зразумее», — так абгрунтавала судзьдзя Запасьнік адмову весьці судовы працэс па-беларуску.
Інтарэсы Зьмітра Салаўёва, якога судзяць завочна, прадстаўляе прызначаны сьледзтвам адвакат.
У справе ўсяго 283 тамы матэрыялаў справы па 300 старонак. Падчас працэсу Алесь Бяляцкі заявіў, што не пасьпеў азнаёміцца з 70 тамамі справы. Суд заявіў, што ў яго было дастаткова часу (месяц) для азнаямленьня з матэрыяламі справы і няма падставы, каб даваць яму дадатковы час.
«Вясна» паведамляе, што ў справе праходзяць каля 100 сьведак, было праведзена 120 ператрусаў па ўсёй краіне.
Алесь Бяляцкі выказаў недавер судзьдзі Запасьнік і заявіў ёй адвод. Хадайніцтва адхілілі.
Таксама адвакатка Алеся Бяляцкага заявіла хадайніцтва аб зьмяненьні яму меры стрыманьня на не зьвязаную са зьняволеньнем. Марына Запасьнік адмовіла. Такім чынам, Бяляцкі застаецца за кратамі ўжо 18-ы месяц.
На суд у «справе „Вясны“» прыйшла таксама прапагандыстка Алена Красоўская, якая раней называла сябе праваабаронцай, а цяпер піша артыкулы для афіцыйнай газэты «СБ. Беларусь сегодня». Красоўская асьвятляе для дзяржаўнага выданьня і сёньняшні працэс.
Валянцін Стэфановіч заявіў хадайніцтва, каб журналістку выдалілі з судовай залі, бо яна давала паказаньні ў справе як сьведка пад іншым прозьвішчам — Карповіч. Але судзьдзя палічыла, што гэта толькі здагадкі праваабаронцы. Пры гэтым было пацьверджана, што сапраўды прозьвішча і імя некаторых сьведак мянялі нібыта «дзеля іх бясьпекі».
У 12.30 на працэсе прыступілі да судовага сьледзтва — пракурор Кароль на працягу 30 хвілін зачытваў абвінавачаньні. Пасьля гэтага ў судзе абвясьцілі перапынак на абед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уплывовыя міжнародныя праваабаронцы запатрабавалі вызваліць вясноўцаў і заклікалі да акцый салідарнасьці зь іміУ чым вінавацяць лідэраў «Вясны»
Праваабаронцаў абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).
У прыватнасьці, праваабаронцам ставяцца ў віну:
- аплаты штрафаў за некаторых асоб, «прыцягнутых на падставе судовых рашэньняў, якія набылі законную моц, да адказнасьці за адміністрацыйныя правапарушэньні, зьвязаныя з парушэньнем грамадзкага парадку і вызначанага на тэрыторыі краіны парадку кіраваньня; іншыя правапарушэньні, учыненыя ў сувязі з выказваньнем пратэсту на дзеяньні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь»;
- выплаты такім асобам грашовых кампэнсацый за сродкі, затрачаныя імі на аплату штрафаў;
- аплаты замест некаторых асоб, «якія ўчынілі названыя адміністрацыйныя правапарушэньні, рахункаў за харчаваньне ў месцах адбыцьця спагнаньняў у выглядзе адміністрацыйных арыштаў»;
- аплаты працы адвакатаў, «у тым ліку за абарону ў крымінальных працэсах шэрагу асоб, прызнаных падазраванымі і пасьля прыцягнутых у якасьці абвінавачаных у крымінальных справах, зьвязаных з грубым парушэньнем грамадзкага парадку, выказваньнем пратэсту на дзеяньні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь».
«Для інфармацыйнага суправаджэньня сваёй дзейнасьці яны выкарыстоўвалі інтэрнэт-рэсурсы ПЦ „Вясна“ ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах», — гаворыцца ў абвінавачаньні.
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.