За спробу падпалу дома дэпутата Гайдукевіча амаль 1,5 года за кратамі трымаюць цэлую сям’ю

Алег Гайдукевіч

Суды могуць адбыцца вочна і завочна. Фігурантаў унесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў», хаця суд нават не пачаўся.

У справе за спробу падпалу дома кіраўніка Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча ў СІЗА КДБ год і пяць месяцаў утрымліваюць сям’ю з чатырох чалавек, піша прваабарончы цэнтар «Вясна».

У чэрвені 2021 году Гайдукевіч заявіў, быццам ягоны дом хацелі падпаліць — кінулі тры бутэлькі з запальнай сумесьсю. Пацярпеў толькі кот дэпутата. У сьнежні 2022 году ён расказаў, што ў справе праходзяць 15 чалавек.

Ад яго ж стала вядома, што экс-рэстаратара Вадзіма Пракоп’ева, якога ён назваў адным з заказчыкаў замаху, будуць судзіць завочна.

Сярод фігурантаў справы ў СІЗА КДБ ужо адзін год і пяць месяцаў знаходзіцца сям’я Вайцяховічаў: сужэнцы Віталь і Вольга, іхны сын Уладзіслаў і ягоная жонка Анастасія. Іх абвінавачваюць паводле шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў «акце тэрарызму групай асобаў».

Усіх чатырох ужо ўнесьлі ў «Сьпіс тэрарыстаў», хоць суд не адбыўся і яго дату дасюль не прызначылі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Гайдукевіч паехаў у Данецк. Сьцьвярджае, што з гуманітарнай місіяй

Алег Гайдукевіч — кіраўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Былы міліцыянт, прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі. Неаднаразова выказваўся за перасьлед пратэстоўцаў у Беларусі і больш жорсткія законы ў дачыненьні да ўдзельнікаў «масавых беспарадкаў». Удзельнік праўладных мітынгаў і пікетаваньняў амбасад заходніх краін. Наведваў часова акупаваныя Расеяй украінскія тэрыторыі. Заклікаў выслаць зь Беларусі пасла Ўкраіны Ігара Кізіма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі Расея павінна заплаціць беларусам за стагодзьдзі войнаў, зьдзекі і акупацыю