Пра падрабязнасьці ўнутранай «кухні» навагодняга відэазвароту Сьвятланы Ціханоўскай Свабодзе расказалі Наста Рагатко (кіраўніца аддзелу камунікацый Офісу Сьвятланы Ціханоўскай) і Наста Касьцюгова (мэнэджарка стратэгічнай камунікацыі Офісу).
«У Сьвятланы ёсьць прывілей, якога няма ў рэжыму, — яна можа казаць праўду»
На новы 2022 год Сьвятлана Ціханоўская выступала разам з камандай беларусаў. Сёлета было вырашана, каб яна выступала адна. Зварот пачынаўся з інтымнага «Як вы, дарагія беларусы?». За сталом зь дзіцячымі малюнкамі і мандарынамі — жанчына ў сьветлай блюзцы, якая пазьней накіне пінжак і будзе прамаўляць як палітык.
Чаму сёлета яна адна, без каманды, як на новы 2022 год? Наста Рагатко тлумачыць, што нельга было зрабіць тое ж самае і разьлічваць, што гэта спрацуе зноў. І выклікі сёлета зусім іншыя, чым год таму. Бо год таму быў запыт на адзінства ў дэмакратычных сілах, кажа Рагатко. У 2022 годзе пачалася вайна, якая цалкам зьмяніла сытуацыю і ў Беларусі, і ў сьвеце.
«Наша каманда разумела, што гэта сур’ёзная нагода, каб зьвярнуцца ня толькі да прыхільнікаў, але і да тых, хто не цікавіцца дэмакратычнымі сіламі. Але вельмі цікавіцца тым, каб на іхныя дамы не пачалі падаць бомбы, а паліцы ў крамах выглядалі не як у Савецкім Саюзе», — кажа Наста Рагатко.
Яе калега Наста Касьцюгова дадае, што гэты зварот быў самы цяжкі, бо «ў такія часы знайсьці словы вельмі складана». «Але мы вырашылі, што ў Сьвятланы ёсьць гэты прывілей, якога няма ў рэжыму — яна можа казаць праўду, якой бы тая ні была. Сьвятлана вельмі дбае пра тое, каб яе словы былі зразумелыя кожнаму. У нас ужо ёсьць унутраны мэм пра чыткі са Сьвятланай: «Ну дык так і кажы». Гэта калі яна чытае падрыхтаваны тэкст і пытаецца: «Ты вось тут што хацела сказаць?». Я адказваю: «Ну вось гэта і гэта», і яна сьмяецца: «Дык ты так і кажы», — расказвае Наста Касьцюгова.
«Нам вельмі хацелася, каб была нейкая хатняя атмасфэра, у якой магчыма пагутарыць адкрыта»
Наста Рагатко кажа, што «хатні» інтэр’ер у першай частцы прамовы быў задуманы, каб стварыць інтымную атмасфэру, «у якой магчыма пагутарыць адкрыта, не як звычайна палітыкі размаўляюць зь людзьмі, а каб гэта была размова чалавека з чалавекам».
Яе калега Наста Касьцюгова дадае, што «хатнюю сцэну» прыдумала пры мазгавым штурме «дзіўная кампанія», у якой былі культуроляг Максім Жбанкоў, актывіст і дзяўчына, якая толькі прыехала зь Беларусі.
Тэкст прамовы абедзьве Насты пісалі разам.
«Наогул мы з Настай думалі, што сёлета ня мы павінны пісаць прамову. Таму што патрэбна бачаньне тых, хто зь Беларусі толькі прыехаў, хто ня толькі разумее, але і адчувае, як там зараз, а мы зробім толькі рэдактуру. Але ніхто іншы ня быў гатовы, таму мы дасталі ўсе дасьледаваньні, што мелі, правялі размовы з усімі сябрамі ў Беларусі, што засталіся, і пачалі шукаць гэтыя словы і сэнсы», — кажа Наста Касьцюгова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Год міру і стварэньня» ў разгар вайны і разбурэньня. Лукашэнка пераходзіць на мову Оруэла«Мы ўжо ўсё можам, мы ўжо моцныя, нам трэба толькі паверыць у гэта»
Пасьля слоў «Нам не патрэбная моцная рука» ў звароце Ціханоўскай былі зьмененыя як лякацыя, так і яе вобраз. «Жанчына і маці» за сталом зь дзіцячымі малюнкамі ўстае, надзяе пінжак і гаворыць мацней і афіцыйней.
«Асабіста для мяне гэта пра „Я стамілася гэтак жа, як і вы, але я зноў апранаю дасьпехі і іду ў бой“. Пра тое, як ты чакаў кагосьці мацнейшага, і дачакаўся ўрэшце сябе. Мы ўжо ўсё можам, мы ўжо моцныя, нам трэба толькі паверыць у гэта. Таму вось нацыі і не патрэбная моцная рука, нацыі дастаткова моцнага сэрца. Але я ўжо чула шмат іншых інтэрпрэтацый, і гэта добра, гэта так і павінна працаваць», — кажа Наста Касьцюгова.
Яе калега Рагатко дадала, што «ў першай частцы Сьвятлана размаўляла з кожным гледачом тэт-а-тэт, па-хатняму, у другой яна пераходзіць да больш клясычнага фармату звароту, бо ўжо як палітык зьвяртаецца да нацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «2023-і — год беларускай мовы». Вялікае інтэрвію Ціханоўскай пра вайну, палітвязьняў, навагодні зварот і вынікі 44 візытаў«Мы доўга існавалі ў сваіх бурбалках, „лукашысты“, „змагары“, хіпстэры і вялікая колькасьць людзей, якіх ніхто ня чуў»
У прамове, якая пачалася на беларускай мове, Сьвятлана пераходзіць на расейскую, але заканчвае зварот на беларускай. «Я вельмі згодная з думкай, якую Сьвятлана рэгулярна паўтарае: „У нас няма лішніх беларусаў“. Тыя, каго мы асабіста не разумеем, не зьяўляюцца дрэннымі людзьмі, яны ня менш беларусы, чым мы. Проста шмат у каго зь іх не было магчымасьці глядзець на сьвет, не атручаны прапагандай. Шмат у каго столькі жыцьцёвых праблем, што клапаціцца пра нечыя яшчэ правы ўжо проста не хапае сіл», — кажа Наста Рагатко.
Пераход з адной мовы на іншую Наста Касьцюгова тлумачыць тым, што «беларусы да 2020-га існавалі як асобныя бурбалкі, „лукашысты“, „змагары“, хіпстары, і вялізная частка краіны, зь якой ніхто не размаўляў». «2020 год таму і адбыўся, што з гэтымі людзьмі нарэшце загаварылі. Зараз яны зноў пакінутыя. Таму вельмі важна ў 2023-м аднавіць сувязь зь імі і выкарыстоўваць для гэтага ўсе магчымыя сродкі і каналы», — лічыць яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вызваліць палітвязьняў: спрэчка Мацукевіча і ШрайбманаПра што ў навагоднім звароце казалі Ціханоўская і Лукашэнка
Па стане на 3 студзеня навагодні зварот Ціханоўскай на яе афіцыйным канале «Сьвятлана Ціханоўская» прагледзелі больш за 247 тысяч. Яшчэ 149 тысяч праглядаў меў выступ на канале «Страна для жизни», 78 тысяч — на «Эўрарадыё», 51 тысячу — на «Белсаце».
Навагодні зварот Аляксандра Лукашэнкі меў 270 тысяч праглядаў на БелТА, 178 тысяч на ОНТ, 96 тысяч — на БТ.
Сьвятлана Ціханоўская пачала зварот у хатнім інтэрʼеры. На стале — алоўкі і флямастэры, яловыя галінкі і мандарыны, на сьценах — дзіцячыя малюнкі. Зварот яна пачала са слоў «Дарагія беларусы, як вы? Як прайшлі вашы тыдні перад Новым годам? Я ня ведаю, ці кажа вам хтосьці, але вы робіце неверагодную працу».
Аляксандар Лукашэнка пачаў зварот традыцыйна, у палацы, каля навагодняй ялінкі і афіцыйнага сьцяга. Да беларусаў ён зьвярнуўся як да «дарагіх суайчыньнікаў». Ён не называў вайну ва Ўкраіне вайной, толькі згадаў «канфлікт у адной краіне, ад якога ліхаманіць усю плянэту».
Сьвятлана Ціханоўская казала, што Ўкраіна пераможа ў вайне з Расеяй, бо «Расея прайграе гэтую вайну, а мы, беларусы, або адправімся за ёй у бездань, або зможам пабудаваць мірную будучыню, якую заслугоўваем».
Лукашэнка казаў, што «усё ў нашым жыцьці будзе залежаць ад кожнага з нас. І ад усіх нас разам».
Ціханоўская заклікала беларусаў «перастаць лічыць сябе маленькімі людзьмі, мы праходзім такі складаны шлях, і ніхто ня мае права яго зьняцэніць». «Мы зусім не маленькія людзі, калі мы верым адзін у аднаго і ў саміх сябе — мы нацыя», — казала яна.
Лукашэнка выказаўся, што «мы перш за ўсё павінны паважаць і шанаваць працу людзей у пагонах, выхоўваць дзяцей патрыётамі сваёй краіны і выконваць закон».