Такая інфармацыя зьявілася на сайце Вярхоўнага Суду.
Дэмакратычную лідэрку Сьвятлану Ціханоўскую абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў КК: у здрадзе дзяржаве, масавых беспарадках, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, распальваньні варожасьці, змове з мэтай захапіць уладу, закліках да санкцый.
Кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўла Латушку абвінавачваюць у закліках да санкцый, распальваньні варожасьці, атрыманьні хабару, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня.
У пракуратуры заяўлялі, што «Ціханоўская, Мароз, Кавалькова, Латушка і Дылеўскі ў розны час уступілі ў таемную злачынную змову, у тым ліку зь іншымі асобамі, з мэтай захопу дзяржаўнай улады».
Ціханоўская, адзначылі ў пракуратуры, знаходзячыся на тэрыторыі Літвы, «абвясьціла сябе пераможцам мінулых выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і адзіным нацыянальным лідэрам, абраным беларускім народам».
Суд будзе завочны, бо ўсе фігуранты справы знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Іх справу расьсьледавалі ў рамках «спэцыяльнага вядзеньня». Абвінавачаным прадпісваецца ўзяць з сабой пасьведчаньні асобы і зьявіцца ў суд па адрасе: вул. Дуніна-Марцінкевіча, д. 1, корп. 3.
У дні, калі над Ціханоўскай пачнецца суд, яна будзе на міжнародным эканамічным форуме ў Давосе, які пройдзе 16–20 студзеня. Ціханоўская будзе там першай прадстаўніцай Беларусі за 30 гадоў. Апошні раз Беларусь у Давосе ў 1992 годзе прадстаўляў Станіслаў Шушкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская: «Мы змаглі справіцца з гэтым годам, а значыць зможам справіцца з усім»