У Гомельскім абласным судзе вынесьлі другі за паўгода прысуд палітвязьню Андрэю Паднябеннаму, піша «Вясна». Андрэй мае расейскае грамадзянства, але з шасьці гадоў жыве ў Беларусі і мае від на жыхарства.
Першы раз Андрэя асудзілі на 15 гадоў калёніі па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку паводле артыкулу «акт тэрарызму» за падпал машыны начальніка ўпраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.
Цяпер Андрэя пакаралі паводле чатырох артыкулаў КК, у тым ліку за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «распальваньне сацыяльнай варожасьці».
У выніку да 15 гадоў зьняволеньня яму дадалі яшчэ 1 год і 8 месяцаў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, палітвязьня аштрафавалі на 1000 базавых велічыняў (32 000 рублёў). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў судзьдзя Руслан Царук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я гатовы выседзець і больш, калі будзе плён». Гісторыя гомельскага «тэрарыста», якому далі 15 гадоў