Дата дня
3 студзеня 1923 году памёр Яраслаў Гашак, чэскі пісьменьнік.
Таксама ў гэты дзень
1906 — у Менску пачала выдавацца расейская нацыяналістычная газэта «Минское слово».
1925 — Бэніта Мусаліні распусьціў парлямэнт і прыняў тытул «Дучэ».
1959 — Аляска была прызнаная 49-м штатам ЗША.
У гэты дзень нарадзіліся
1850 — Соф’я Кавалеўская, матэматык і мэханік, пісьменьніца і публіцыстка, першая ў сьвеце жанчына-прафэсар. Яна зьявілася на сьвет у Маскве ў беларускай шляхецкай сям’і Корвін-Крукоўскіх.
1905 — Уладзімер Хадыка, беларускі паэт.
1944 — Міхась Раманюк, беларускі этнограф. Заснаваў часопіс «Мастацтва Беларусі» і стаў ягоным першым галоўным рэдактарам. Стварыў сцэнічныя строі для Дзяржаўнага народнага хору і Дзяржаўнага ансамблю танцу Беларусі. У 1981 годзе выдаў альбом «Беларускае народнае адзеньне», які складаецца з архіўных фатаздымкаў ды фота, зробленых аўтарам падчас экспэдыцыяў 1967–1980 гадоў.
1958 — у Нью-Ёрку нарадзіўся журналіст і сьпявак Багдан Андрусышын (Данчык). Скончыў Унівэрсытэт Нью-Ёрку са ступеньню бакаляўра журналістыкі. Працаваў на Свабодзе з 1992 да 2021 году. Як музыка выдаў 6 альбомаў беларускіх песень.
У памяці
1951 — памёр Ёсіф Лангбард, архітэктар, які запраектаваў Опэрны тэатар, Дом ураду, Дом афіцэраў і Акадэмію навук у Менску. Нарадзіўся Лангбард у габрэйскай сям’і ў Бельску на Падляшшы.