Некаторыя крамы зачыненыя з ранку 2 студзеня.
«Праблемы з касавым абсталяваньнем, якое пастаўляе і абслугоўвае „Тусон“. Фіскальны рэгістратар не ўстанаўлівае бягучы час на касе, супрацоўнікі „Тусона“ вырашыць праблему ня могуць», — паведамляе Zerkalo_io са спасылкай на сваіх чытачоў.
Журналісты выданьня патэлефанавалі на гарачую лінію сеткі «Востраў чысьціні і смаку», там пацьвердзілі, што крамы пакуль зачыненыя і невядома, калі запрацуюць зноў. У сетцы будматэрыялаў «ОМА» сказалі, што праблема сапраўды была, але часткова ўхіленая — цяпер пакупнікі могуць аплаціць тавары па карце на касах самаабслугоўваньня.
Таксама чытачы Zerkalo_io пішуць пра збоі з падобных прычын у «Эўраопце»:
«Не працуе ніводная каса, прычым увогуле ніяк: ні па гатоўцы, ні па безнаяўным разьліку. Але працуе каса самаабслугоўваньня», — напісалі пакупнікі аднаго з супэрмаркетаў у Асіповічах.
«На жаль, ня ўсе крамы даступныя для абслугоўваньня. Адбыўся збой, і на многіх касах зараз не праводзіцца абслугоўваньне за наяўныя грошы і картай. Калі ёсьць касы самаабслугоўваньня, вы можаце расплаціцца там банкаўскай картай», — адказалі праз тэлефон даверу гандлёвай сеткі «Эўраопт».
Запраўкі «Газпрафнафта» не працуюць па ўсёй краіне — гэта пацьвердзілі ў сетцы. Таксама скардзяцца на падобныя праблемы з крамамі сеткі «Спортмастер», на некаторых запраўках сетак «Газпрамнафта» і «Беларуснафта».