Генштаб Украіны: расейскія войскі запусьцілі 44 іранскія бесьпілётнікі, усе ўдалося зьбіць

Аскепкі расейскага дрона, вырабленага ў Іране, якія ўпалі на дзіцячую пляцоўку ў Кіеве 1 студзеня 2023 году

Расейскія войскі напярэдадні нанесьлі 51 авіяўдар па Ўкраіне, у прыватнасьці запусьцілі 44 бесьпілётнікі Шагед-136.

Пра гэта паведаміў раніцай 2 студзеня Генштаб Узброеных сіл Украіны.

«Усе яны былі зьбітыя падразьдзяленьнямі Сіл абароны Ўкраіны. Інфармацыя аб начным нападзе на сталіцу будзе агучана крыху пазьней. Таксама праціўнік выпусьціў 55 зэнітных набояў, у тым ліку па дзіцячай лякарні Херсону. Па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны захоўваецца пагроза нанясеньня праціўнікам авіяцыйных і ракетных удараў па аб’ектах крытычнай інфраструктуры».

Наступствы расейскага ракетнага абстрэлу Кіева, 31 сьнежня 2022

Паводле інфармацыі штабу, расейскія войскі працягваюць засяроджваць намаганьні на наступе на Бахмут, а таксама спрабуюць палепшыць тактычнае становішча сваіх частак у раёнах Купянскага, Лімана і Аўдзееўкі.

«На Новапаўлаўскім і Запароскім напрамках (расейская армія. — Рэд.) абараняе раней занятыя рубяжы. На Херсонскім — ажыцьцяўляе перагрупаваньне войскаў, вядзе абарону і абстрэл пазыцый нашых войскаў і цывільных аб’ектаў на лініі судакрананьня. За мінулыя суткі падразьдзяленьні Сілаў абароны адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Стэльмахаўка і Белагораўка Луганскай вобласьці і Раздолаўка, Белагораўка, Саледар, Красная Гара, Бахмут, Клішчыеўка, Азяранаўка, Вопытнае і Краснагораўка Данецкай вобласьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напярэдадні Новага году Расея нанесла па Ўкраіне масавы ракетны ўдар. У Кіеве разбурэньні і ахвяры

У штабе пацьвярджаюць пашкоджаньні месцаў канцэнтрацыі расейскіх сіл у некалькіх населеных пунктах на акупаванай частцы Запароскай вобласьці 31 сьнежня, у выніку чаго расейскія войскі страцілі «больш за 175 параненых вайскоўцаў».

Мэр Кіева Віталь Клічко тым часам паведаміў, што ў шпіталі памёр 46-гадовы мужчына, паранены пры абстрэле страліцы 31 сьнежня. Ён знаходзіўся ў палаце ў цяжкім стане і ня здолеў выжыць. 1 студзеня стала вядома пра сьмерць у шпіталі 22-гадовай жанчыны, якую параніла падчас абстрэлу гораду Хмяльніцкага.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маштаб пакутаў быў большы ва Ўкраіне і ў Беларусі». Гісторык Тымаці Снайдэр пра тое, як Расея зрабіла прывабнай сваю імпэрскую рыторыку

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.