Ва ўсім сьвеце за апошнія 20 гадоў забіта 1700 журналістаў

Журналіст агенцтва AFP падчас вайны ва Ўкраіне. Ілюстрацыйны здымак

Самым сьмяротным годам для журналістаў стаў 2012-ы. Самая небясьпечная для рэпартэраў краіна Эўропы — Расея, вынікае са справаздачы «Рэпартэры бязь межаў».

За апошнія 20 гадоў ня менш за 1688 журналістаў загінулі ва ўсім сьвеце пры выкананьні сваіх прафэсійных абавязкаў, паведамляецца ў дакладзе праваабарончай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» (RSF), прадстаўленым у пятніцу, 30 сьнежня, у Парыжы. Як вынікае з дакумэнта, у пэрыяд з 2003 па 2022 гады на працы штогод гінулі ў сярэднім 80 працаўнікоў СМІ.

Самым сьмяротным для журналістаў годам стаў 2012-ы — тады загінулі 144 рэпартэры. У 2013 годзе ахвярамі гвалту сталі толькі на два журналісты менш — 142. Пасьля гэтых самых трагічных для журналістыкі гадоў, выкліканых пераважна вайной у Сырыі, штогадовая колькасьць ахвяр сярод работнікаў СМІ да 2021 году зьнізілася да 51. У бягучым годзе пры выкананьні прафэсійных абавязкаў загінулі 58 рэпартэраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты

80 працэнтаў усіх сьмерцяў сярод журналістаў адбыліся на тэрыторыі 15 краін, асабліва ў Іраку і Сырыі — тут з 2003 году загінулі ўвогуле 578 работнікаў СМІ. На трэцім месцы Мэксыка (125), за ёй ідуць Філіпіны (107), Пакістан (93), Афганістан (81) і Самалі (78).

Самай небясьпечнай для журналістаў краінай Эўропы застаецца Расея — тут пры выкананьні прафэсійных абавязкаў загінулі 25 рэпартэраў. На другім месцы — Украіна (20 загінулых, зь іх восем — пасьля пачатку расейскага збройнага ўварваньня ў гэтую краіну).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адсьвяткую ўсе прапушчаныя новыя гады і дні народзінаў, калі буду на волі». Андрэю Кузьнечыку споўнілася 44 гады