На 83-м годзе жыцьця памёр бразыльскі футбаліст Пэле, які амаль паўсюдна лічыцца самым знакамітым гульцом у футбол за ўсю гісторыю гэтага спорту.
Яму прыпісваюць сусьветны рэкорд — 1281 гол у 1363 матчах за 21-гадовую кар’еру, у тым ліку 77 галоў у 92 матчах за сваю зборную. У свой час атрымаў мянушку «Кароль футболу».
Эдсон Арантыс ду Насімэнту (сапраўднае прозьвішча Пэле) нарадзіўся 23 кастрычніка 1940 году ў бразыльскім мястэчку Трэс-Карасойнс. Гуляў у клюбах «Сантус» і «Нью-Ёрк Космас», а таксама ў зборнай Бразыліі. У 1995-1998 гадах займаў пасаду міністра спорту Бразыліі.
Пэле — адзіны гулец, які выйграваў футбольны чэмпіянат сьвету тройчы: у 1958, 1962 і 1970 гадах.
ФІФА ў 2000 годзе назвала Пэле «гульцом стагодзьдзя».
Апошнія гады Пэле пакутаваў ад праблем з ныркамі і прастатай.