Закон аб забароне прапаганды ЛГБТ можа зьявіцца ў Беларусі, паведаміла старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава ў час пасяджэньня Савету старэйшын, інфармуе БЕЛТА.
«Экспэртная рада пры Савеце Рэспублікі працуе досыць шчыльна. І сёньня ў першай палове дня мы разгледзелі тры законапраекты, якія нам трэба прымаць», — расказала Натальля Качанава.
«Меркаваньне такое ёсьць, і, можа, нам трэба будзе выступіць з заканадаўчай ініцыятывай аб недапушчальнасьці распаўсюджваньня ЛГБТ. Калі я была з афіцыйным візытам у Маскве, якраз у той дзень у Дзяржаўнай Думе прынялі закон аб забароне прапаганды ЛГБТ. Напэўна, давядзецца прымаць і нам. І гэта будзе правільна. Нельга гэта прапагандаваць. У нас ёсьць сямейныя каштоўнасьці, традыцыі, якія мы перадаем з пакаленьня ў пакаленьне: традыцыі сям’і, праваслаўя», — сказала Качанава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куба легалізуе аднаполыя шлюбы5 сьнежня сёлета прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон аб забароне прапаганды ЛГБТ. Новы дакумэнт павінен спыняць распаўсюджваньне інфармацыі аб гомасэксуальнасьці, бісэксуальнасьці і трансгендэрнасьці. Падобны закон ужо дзейнічае з 2013 году, але закранаў ён толькі непаўналетнюю аўдыторыю. Цяпер ён тычыцца расейцаў усіх узростаў.
Дакумэнт прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць у выглядзе буйных штрафаў за прапаганду ЛГБТ у СМІ, інтэрнэце, рэкляме і мастацкіх творах. За яго выкананьнем будзе сачыць Раскамнагляд.