Па словах Громава, верагоднасьць новага наступу на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі застаецца невысокай. Абстаноўка на украінска-беларускай мяжы пад кантролем, адзначыў ён.
«Вораг працягвае павышаць свой узровень падрыхтоўкі, праводзячы вучэньні на беларускіх палігонах, дзе цяпер налічваецца да 11 тысяч асабовага складу і больш за 400 адзінак ваеннай тэхнікі», — сказаў Аляксей Громаў.
Паводле яго зьвестак, колькасьць расейскай групоўкі, разгорнутай у Беларусі, Бранскай і Курскай абласьцях, удвая меншая, чым у лютым гэтага года: 22 тысяч чалавек супраць 45,5 тысячы тых, хто наступаў на Кіеў у лютым.
«Нават у выпадку прыцягненьня ўсіх баявых беларускіх часьцей са складу сухапутных войскаў і сіл спэцыяльных апэрацый сумесная групоўка войскаў агрэсара будзе налічваць каля 30 тыс. чалавек, што ўсё роўна менш за тое, што брала ўдзел у поўнамаштабным уварваньні», — патлумачыў Громаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея вывезла зь Беларусі яшчэ 20 ракет для ЗРК, — «Беларускі гаюн»Таксама ён заявіў, што зь Беларусі вывезены ўсе запасы боепрыпасаў для артылерыйскіх сыстэм і РСЗА, якія былі створаны ў інтарэсах РФ перад нападам на Ўкраіну.
Пры гэтым, паводле зьвестак Аляксея Громава, Расея пашырае кантроль над вайсковымі аэрадромамі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генштаб Украіны: Расея нарошчвае ў Беларусі магчымасьці для нанясеньня авіяўдараў па Ўкраіне