«Мы зробім усё, каб вярнуць дадому ўсіх нашых людзей, якія цяпер знаходзяцца ў расейскай няволі. Мэта — аднавіць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны — заўсёды ідзе побач для нас зь іншай мэтай — вызваліць усіх нашых людзей, якія ўтрымліваюцца ў расейскім палоне або ў турмах, а таксама ўсіх тых, хто быў сілай дэпартаваны з нашай зямлі», — сказаў Зяленскі.
«За час пасьля 24 лютага нашай камандзе ўдалося вызваліць з расейскага палону 1456 чалавек. Гэта істотна. І я шчасьлівы бачыць кожнага і кожную, хто вяртаецца ва Ўкраіну. Але наперадзе яшчэ значна больш працы. Аднак я не сумняваюся, што мы разам, аб’яднана яе выканаем», — дадаў ён.
Відэа ўрыўкаў са штогадовага пасланьня Ўладзіміра Зяленскага да Вярхоўнай Рады апублікаваў у сацсетках дэпутат Аляксей Ганчарэнка. Таксама ў Тэлеграме Ганчарэнка прыводзіць асноўныя тэзісы пасланьня ўкраінскага прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як украінскае войска адкажа на новы наступ зь Беларусі?Паводле Зяленскага, Украіна сваёй барацьбой умацоўвае Эўразьвяз і астатні свабодны сьвет, а ўкраінская армія — гэта зарука таго, што час імпэрый ніколі ня вернецца.
Кіеў будзе лідэрам у пабудове зялёнай энэргетыкі, адзначыў прэзыдэнт Украіны і падкрэсьліў, што вайскова-прамысловы комплекс краіны будзе адным з найболей прагрэсіўных.
Паводле Тэлеграму дэпутата Яраслава Жалезьняка, Зяленскі сказаў, што аднаўленьне Ўкраіны пасьля вайны будзе найбуйнейшым эканамічным праектам Эўропы.
Расея, паводле прэзыдэнта Ўкраіны, будзе прыцягнутая да адказнасьці за ваенныя злачынствы. Цяпер для гэтага, паводле інфармацыі Зяленскага, распрацоўваецца спэцыяльны мэханізм.
Расьсьледаваньнем верагодных ваенных злачынстваў расейскай арміі на тэрыторыі Ўкраіны займаецца Міжнародны крымінальны суд.
14 сьнежня кіраўнік Офісу прэзыдэнта Андрэй Ярмак паведаміў пра чарговы абмен палоннымі з Расеяй, у рамках якога ва Ўкраіну вярнуліся 64 вайскоўцы і грамадзянін ЗША Мурэкезі Суэдзі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.