27 сьнежня ў варшаўскім «Музэі Вольнай Беларусі» Team Theatre упершыню паказаў квэст-казку «Музэй Чароўнай Беларусі, ці Шукаем Зюзю разам».
«Першы паказ заўжды цяжкі, але мне падаецца, што ўсё атрымалася, і Новы год будзе добры, дзякуючы і нам таксама. Увогуле натхняла ў працэсе пастаноўкі патрэба ў нейкай надзеі, сапраўднай казцы, каб усё стала лепей, каб падараваць крышачку сьвятла нашым маленькім дзеткам, якія не залежаць ад абставін, яны не выбіралі гэты час. Ну, і дарослых таксама хацелася падтрымаць, — расказаў Свабодзе мастацкі кіраўнік Team Theatre Андрэй Бардухаеў-Арол.
Актор Максім Кандрацюк кажа, што ў гэтай казцы было важна данесьці дзецям беларускую культуру.
«Трэба папулярызаваць беларускую культуру, спрабаваць дзяцей прывучаць з малога ўзросту да беларускай мовы, бо яе зараз ня вельмі шмат, асабліва ў дзіцячым кантэнце. Складана было тое, што ў нас няма ні спонсараў, ні мэцэнатаў на сёньняшні час, гэта ўсё сваімі сіламі было зроблена. „Музэй вольнай Беларусі“ даў нам памяшканьне, і мы спрабуем неяк з матэрыялаў, якія знойдзем, усё гэта сабраць», — тлумачыць Максім Кандрацюк.
Актор дадае, што цяпер важна рабіць сьвята для дзяцей.
«Жыцьцё не спыняецца. Праблемы дарослых не павінны кранаць моцна дзяцей, і, больш за тое, дзеці павінны быць крыху ізаляваныя ад гэтых усіх жудасьцяў. Ужо дастаткова дзіцячых сьлёз ва Ўкраіне і Беларусі, таму я думаю, што крышачку павесяліць заўсёды патрэбна», — мяркуе Максім.
Калядныя песьні і музыку да казкі напісала беларуская акторка Дар’я Новік, яна ж сыграла ў пастаноўцы Каляду.
«Я да гэтага паказу тыдзень хварэла і сёньня літаральна ў яго ўскочыла. Але я працавала над гэтай казкай завочна, пісала ўсю музыку, усе калядныя песенькі сама прыдумляла, стварала, запісвала дома, сама сабе кампазытар, — сьмяецца Дар’я. — Канечне, цікава атрымалася, было і страшна трошкі зь дзецьмі, але я бачыла па іх вачах, што яны нам паверылі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бэрліне адкрылася выстава беларускага мастака Аляксандра Бельскага, творы якога здымалі з выставы ў Менску праз цэнзуруДар’я перакананая, што дзецям трэба паказваць беларускую культуру і яе герояў.
«Мы робім ня проста ялінку, а казку пра нашага беларускага чараўніка. Нам трэба неяк беларускую культуру, народныя песьні, Калядкі аднаўляць. Вось у Расеі ёсьць Дзед Мароз, у Польшчы — Сьвяты Мікалай. А чаму ў нас ня можа быць Зюзі? Зюзя — гэта наш Дзед Мароз. Нам гэта было вельмі важна і цікава паказаць, што ў нас ёсьць Зюзя, і яго трэба неяк так сярод дзяцей папулярызаваць».
Беларуска Яна разам зь дзеткамі дзеліцца ўражаньнямі ад казкі-квэсту.
«Дзеткам вельмі спадабалася, яны вельмі хацелі сюды, яны вельмі задаволеныя, бо тут і Дзед Мароз, і Зюзя. Увогуле, трэба жыць, радавацца, падтрымліваць адно аднаго», — кажа Яна.
Беларуска Інга прыйшла на паказ разам з унучкай і таксама вельмі ўзрадаваная.
«Я бабуля, і я ў захапленьні! Гэта маленькі цуд, так цёпла. Мы не гаворым па-беларуску, але я бачыла, што ўнучка ўсё разумее, і гэта такое шчасьце! Вельмі спадабалася, як артысты сур’ёзна паставіліся да маленькіх гледачоў. Такія сьвяты важныя, бо сьвятло ад іх мае сілу, сьвятло нашых сэрцаў, надзея, любоў да Радзімы», — кажа Інга.
Паглядзець квэст-казку можна будзе таксама 29 сьнежня а 16-й і 18-й гадзіне ў «Музэі вольнай Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сапач, Кудасава, Бартосік, Знак. Найлепшыя кнігі 2022 годуТэатар працягвае распрацоўваць свой рэпэртуар.
«Зараз у нас ужо тры сталыя спэктаклі і казачка навагодняя. Але мы таксама працуем ужо над іншым праектам. Гэта будзе атмасфэрная казка, якую змогуць паглядзець дзеткі, якія маюць праблемы з зрокам ці якія наогул ня бачаць», — апавядае мастацкі кіраўнік Андрэй Бардухаеў-Арол.